Пад Магілёвам дачнікі пабудавалі пірсы-«крэпасці», але нешта пайшло не так
- 7.07.2023, 21:42
Цяпер ім давядзецца іх прыбраць.
Домік ля ракі – мара. За крок ад плоту – рыбалка, пляж, водныя працэдуры. Але асцярожней з жаданнем добраўпарадкаваць «рачную» тэрыторыю як сваю. Могуць узнікнуць праблемы. Так, дачнікі на беразе ракі Рудзея Магілёўскай вобласці пабудавалі пірсы, устанавілі агароджы з брамкамі на замках. Але высветлілася, што ўсё гэта незаконна, адзначае «Анлайнер».
«Напрыклад, паблізу СТ “Прыдняпроўка” ва ўзбярэжнай паласе ракі ўзведзеныя пірсы, доступ да якіх абмежаваны металічнымі агароджамі пад замок для асабістых патрэбаў. Выкрыты таксама факт самавольнага заняцця земляў агульнага карыстання», – паведамляецца ў інфармацыі, якая размешчаная на сайце Генеральнай пракуратуры.
У райвыканкаме не прымалі пастановаў аб уключэнні прыбярэжнай паласы ў межы земляў агульнага карыстання і стварэнні тут зонаў адпачынку. Такім чынам, пірсы і агароджы з брамкамі разглядаюцца як самавольнае будаўніцтва. Такім чынам, яны павінны быць прыбраныя.
Адзначаецца, што артыкул 54 Воднага кодэкса Беларусі забараняе агароджваць зямельныя надзелы на адлегласці меншай за 5 метраў па гарызанталі ад урэзу вады, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных заканадаўствам.
Узвядзенне пірсаў, масткоў, прычалаў для рыбнай лоўлі ды іншых падобных збудаванняў адносіцца да працаў добраўпарадкавання паверхневых водных аб'ектаў, якія вызначаюцца мясцовымі выканальнымі і распарадчымі органамі, у тым ліку на тэрыторыях у межах водаахоўных зонаў.