Што за колькі на менскай Камароўцы ў гэтыя выходныя
- 8.07.2023, 21:21
Кошты ягадаў радуюць менчукоў.
На Камароўскім рынку «Менск-Навіны» знайшлі вішні коштам ад 3,9 да 7 рублёў за кілаграм. Шмат беларускіх, але трапляюцца і малдаўскія.
Трускаўкі – ад 4,5 да 20 рублёў/кіло. Калібрам непараўнальна драбнейшыя, чым у пачатку сезону, але на смак, кажуць, «саладзей не бывае». Верагодна, самае тое для сочыва. Тым больш што за 4,5 рублі толькі на тэрмічную апрацоўку і падыходзіць. Маліны – 7,9–20 рублёў за кілаграм. Што цікава, ягады на вагу і ў кубачках не надта разбягаюцца ў кошце. Інфармацыя для знаўцаў: з'явіліся лясныя 5 рублёў за паўлітровы кубачак.
Буякі патаннелі, калі параўноўваць з мінулым тыднем (кошты пачыналіся з 22 рублёў за кіло). Але ўсё яшчэ не дарма: у сярэднім ад 13 да 35 рублёў за кілаграм. Месцамі можна нарвацца на кошт 50–70 рублёў.
Чарніцы дадалі аб'ёмаў і заканамерна зменшылі абароты ў кошце – кіло можна знайсці нават за 6,5 рубля. Месцамі ўвогуле дэмпінгуюць і ставяць 5 рублёў.
Лясныя суніцы ўсё яшчэ жахліва нясціплыя – 12–15 рублёў за паўлітровы кубачак. Побач, відаць, для большага кантрасту агрэст за 5 рублёў.
Чарэшні – ад 8 рублёў за кіло. Самыя танныя прыехалі з Малдовы і Грэцыі. Узбекістан, як звычайна, задае тон вышэйшы за сярэдні – ад 13 да 17 рублёў. Месцамі сустракаюцца варыянты «люкс» 42 рублі за кілаграм.
Кошты нектарынаў і персікаў пачынаюцца ад 4,5 рубля за кілаграм. Верхні парог завіс на 35 рублях. За кіло дыні просяць ад 5,5 да 9 рублёў.
Слівы каштуюць ад 3,8 да 35 рублёў/кілаграм. На цэтліках у асноўным Гішпанія.
Баклажаны сёння каштуюць ад 7 рублёў за кіло. Салодкі перац – ад 6 рублёў, памідоры «разбягаюцца» ад 3,5 да 25 рублёў/кіло, таму бярэм сярэдняе – 10. Рукала – 1,5 рубля за пучок 100 г, кінза – 1,5 рубля.
Бульба цяпер ад 1,5 да 5 рублёў за кіло. Бурак каштуе ад 0,99 да 20 рублёў за кіло.