Пуцін атрымаў удар у спіну ад Кітая
- 8.07.2023, 21:29
Расейцы засумняваліся ў сяброўскасці Азіі.
Да 500 расейскіх і беларускіх спартоўцаў выступяць на летніх Азіяцкіх гульнях-2023 у Кітаі, праўда, самі расейцы не ў захапленні ад умоваў, якія ім прапануюць у Паднябеснай. Магчыма, некаторыя спартоўцы з краінаў-агрэсарак змогуць такім чынам кваліфікавацца на Алімпійскія гульні ў Парыжы, хоць канчатковую пастанову пра расейцаў і беларусаў Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) яшчэ не прыняў. Пра гэта піша telegraf.com.ua са спасылкай на Inside the Games.
Пастанова пра ўдзел расейцаў і беларусаў прынятая на пасяджэнні генеральнай асамблеі Алімпійскага камітэта Азіі (АСА). Азіяцкія гульні-2023 пройдуць у Ханчжоў (Кітай) з 23 верасня да 8 кастрычніка.
Рэч у тым, што Кітай забараняе любую расейскую сімволіку на турніры, а самі расейцы будуць выступаць у нейтральным статусе. Акрамя таго, спартоўцы з РФ і Беларусі будуць спаборнічаць па-за медальным залікам, а таму абыдуцца без узнагародаў. Праўда, паводле інфармацыі крыніцы, на Азіяцкіх гульнях расейцы і беларусы змогуць заваяваць пуцёўкі на Алімпіяду ў Парыжы. Пры гэтым МАК пакуль не прыняў пастановы датычна прадстаўнікоў РФ і Беларусі на Гульнях-2024.
Расейскія заўзятары масава скардзяцца ў сеціве на ўмовы допуску расейскіх спартоўцаў. Адзін з карыстальнікаў адзначыў, што Кітай усадзіў «стралу ў спіну» РФ.