Беларусаў чакае рэзкае пахаладанне
- 8.07.2023, 21:39
Сіноптыкі расказалі, якое будзе надвор'е на наступным тыдні.
На наступным тыдні, ва ўсякім разе ў яго першай палове, ліпеньская спякота саступіць месца адноснай прахалодзе ў Беларусі. Пра гэта расказаў сіноптык Дзмітры Рабаў.
Згодна з прагнозам, сярэдняя тэмпература на тыдні з 10 да 16 ліпеня чакаецца крыху ніжэйшай за кліматычную норму. Дажджы па-ранейшаму будуць мець лакальны і кароткачасовы характар і ісці будуць толькі ў асобных раёнах.
– У пачатку тыдня Беларусь будзе знаходзіцца ў зоне ўплыву вобласці высокага атмасфернага ціску, па перыферыі якой стануць паступаць прахалодныя паветраныя масы з Балтыйскага мора, – растлумачыў Рабаў, дапусціўшы магчымасць невялікіх дажджоў.
Начамі ў першай палове тыдня будзе ад +9 да +14 градусаў. Днём у панядзелак – усяго +15… +23, у аўторак – ад +17 да +22. Рост тэмпературы і вяртанне яе да кліматычнай нормы чакаецца ў другой палове тыдня. Так, у сераду пацяплее да +21… +26 градусаў. Такая самая тэмпература чакаецца ў чацвер, а ў пятніцу – ад +20 да +25.
А ліпеньская спякота вернецца да наступных выходных, згодна з папярэднім прагнозам Рабава.
– У наступныя выходныя дні ў большасці рэгіёнаў стане гаспадарыць пагодлівы, цёплы антыцыклон, – сказаў ён. – Уначы ад +11 да +16. Днём у суботу – ад +24 да +28, у нядзелю – ад +20 па Віцебскай вобласці да +31 па Гомельскай.