BE RU EN

У Польшчы адбыўся найбуйнейшы з часоў халоднай вайны парад узброеных сілаў

  • 15.08.2023, 21:16

Парад адбыўся ў 103-ю гадавіну перамогі Польшчы над бальшавіцкай Расеяй у Варшаўскай бітве.

У Варшаве ў аўторак да Дня Войска Польскага адбыўся маштабны ваенны парад – найбуйнейшы пасля заканчэння халоднай вайны ў мінулым стагоддзі.

Пра гэта піша RMF FM.

На парадзе да Дня Войска Польскага, які адбыўся ў 103-ю гадавіну перамогі Польшчы над бальшавіцкай Расеяй у Варшаўскай бітве, па Варшаве прайшла калона з 2000 жаўнераў польскага войска і краінаў NATO.

Іх суправаджалі 200 адзінак ваеннай тэхнікі і 92 самалёты і гелікаптэры.

У вайсковай калоне на джыпе прыбыў прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда. Ён адзначыў, што апошнія восем гадоў, якія ва ўладзе знаходзіцца партыя ўлады «Права і справядлівасць», сталі «часам аднаўлення польскага войска».

Сярод іншага, на парадзе паказалі польскія распрацоўкі – баявыя машыны пяхоты Borsuk і самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі Krab – і амерыканскія танкі M1A1 Abrams, ракетныя ўстаноўкі HIMARS і сістэмы супрацьпаветранай абароны Patriot і паўднёвакарэйскія танкі K2 і самаходныя гаўбіцы K9.

За паветраную частку параду адказвалі гелікаптэры, сярод іншага амерыканскія Black Hawk, і знішчальнікі F-16 і FA-50.

Поўнамаштабнае ўварванне Расеі ва Украіну зрабіла ўмацаванне Узброеных сілаў прыярытэтам для польскіх уладаў. Яна паабяцала падвоіць колькасць войска да 300 тысячаў вайскоўцаў і выдаткаваць блізу 4% цяперашняга ВУП на абарону.

Апошнія навіны