У Турцыі зафіксавалі новы тэмпературны рэкорд – амаль +50°C
- 16.08.2023, 21:28
Але на папулярных у беларусаў курортах тэмпература прыкметна ніжэйшая.
Пад уздзеяннем анамальнай спякоты, якая ахапіла краіну, у Турцыі 15 жніўня быў пабіты тэмпературны рэкорд, напісаў у Twitter кіраўнік турэцкага Міністэрства навакольнага асяроддзя, урбанізацыі і змены клімату Мехмет Азхасекі.
«Паводле звестак Галоўнай управы метэаралогіі Міністэрства навакольнага асяроддзя, урбанізацыі і змены клімату, самая высокая тэмпература была зафіксаваная ў вёсцы Сарыджакая правінцыі Эскішэхір – 49,5°C», – паведаміў Мехмет Азхасекі.
Папярэдні рэкорд – 49,1°C – быў устаноўлены ў горадзе Джыза правінцыі Шырнак на паўднёвым усходзе краіны ў ліпені 2021 года.
Азхасекі ў сувязі з такой анамальнай спёкай заклікаў змагацца са змяненнем клімату і «праяўляць чуласць» у адпаведнасці з мэтамі Турцыі ў нулявых выкідах і экалагічным развіцці да 2053 года.
Паводле звестак weather.com, на папулярных у беларусаў турэцкіх курортах тэмпература цяпер вышэйшая за +30°C. У Анталіі і Аланіі сёння, 16 жніўня, +32°C, прыкладна гэтак жа будзе і цягам тыдня. У Кемеры +36°C, але да нядзелі пахаладае да +33°C. У Кушадасах +32°C і будзе цяплець да +36°C, піша «Люстэрка».
Нагадаем, некалькі месяцаў сярэдняя тэмпература паверхні мора на планеце значна перавышае ранейшыя значэнні для гэтай пары года. Гэтым занепакоеныя навукоўцы.