BE RU EN

Вядомы следчы Сушко выйшаў на волю

  • 17.08.2023, 21:39

Пра тое, што ён сядзеў, ніхто і не ведаў.

Як стала вядома «Нашай Ніве», выйшаў на волю некалі высокапастаўлены следчы, былы кіраўнік управы расследавання злачынстваў супраць інфармацыйнай бяспекі і інтэлектуальнай уласнасці СК Аляксандр Сушко. Пасля звальнення з органаў ён працаваў у Group-IB – буйной кампаніі ў сферы кібербяспекі, чыйго заснавальніка нядаўна ў Расеі асудзілі да 14 гадоў строгага рэжыму за «дзяржаўную здраду».

Пра тое, што Аляксандра Сушко арыштавалі, «Нашай Ніве» паведамлялі некалькі не звязаных паміж сабой крыніцаў. Як мяркуецца, арышт адбыўся ў 2022 годзе.

Апошні раз Сушко нешта пісаў у сваім Фэйсбуку летам 2021-га, а лайк пад віншаваннем ад імя ягонай старонкі ставілі летам 2022-га, больш ніякай актыўнасці на ягонай актуальнай старонцы не было.

Сэнс прэтэнзій да яго быў нам не вядомы.

Да меркаванага затрымання Сушко працаваў у менскім офісе Group-IB, а потым, мяркуючы з адкрытай інфармацыі, у яе даччынай кампаніі FACCT (Fight Against Cybercrime Technologies).

Калі быў следчым, Сушко вёў мноства рэзанансных справаў, сярод іншага, вялікую «справу айцішнікаў», паводле якой праходзіў, напрыклад, Віктар Пракапеня.

Тады здарылася амаль неверагоднае для беларускай сістэмы – крымінальная справа скончылася нічым. Усіх фігурантаў выпусцілі без суда.

У 2020-м Сушко публічна выступіў за спыненне масавага гвалту і дыялог. Выступаў з узважанай крытыкай дзеянняў праваахоўнікаў.

«[…] Усе, хто стаіць не ў тым месцы, павінны сысці… А чаму, калі гэта і іх зямля, горад? Павінны, і ўсё! А куды ісці? Сёння на іншую вуліцу, а заўтра ў гета? Калі гумовыя кулі не дапамогуць, то ў ход пойдуць баявыя? […] Калі ідуць гранаты і кулі ў ход, то людзі палохаюцца, а многія ўцякаюць, і некаторыя адказваюць. Так, такіх можна назваць злачынцамі, але хто тады тыя, хто страляе першымі? Чаму яны гэта робяць? Загад? Чый і чаму менавіта такі? Хто гэта спыніць? Хто знойдзе ў сабе сілы паразмаўляць з народам, які гэтыя пытанні задае? […]» – выказаўся ў Фэйсбуку Сушко, заклікаўшы да дыялогу.

Праз нейкі час ягоны след згубіўся.

І, як цяпер паведамілі нам тыя, хто знаёмы з блізкімі Сушко, ён на волі, але «ненатуральна худы і пасівелы».

Магчыма, справа супраць яго можа быць звязаная з разборкамі з Group-IB у Расеі. Так, заснавальніка кампаніі Іллю Сачкова ў Расеі нядаўна асудзілі да 14 гадоў калоніі строгага рэжыму паводле абвінавачання ў дзяржаўнай здрадзе – ён нібыта перадаў замежным спецслужбам нейкую інфармацыю, якая адносілася да дзяржтаямніцы.

Сам Сачкоў быў арыштаваны ўвосень 2021 года, ён абвінавачваў у сваім пераследзе асобных супрацоўнікаў ФСБ, у якіх да яго персанальная непрыязнасць.

Адначасова з гэтым Сачкоў ганарыўся ў сваіх лістах з СІЗА, што дзякуючы Group-IB нібыта атрымалася спыніць мноства ўкраінскіх кібератак на расейскую інфраструктуру.

Апошнія навіны