BE RU EN

У Польшчу прыбыла першая рэактыўная сістэма залпавага агню Chunmoo з Паўднёвай Карэі

  • 21.08.2023, 21:06

Польшча падпісала пагадненне пра набыццё 288 такіх РСЗА.

Міністр нацыянальнай абароны Польшчы Марыюш Блашчак у панядзелак паведаміў пра прыбыццё першай рэактыўнай сістэмы залпавага агню K239 Chunmoo з Паўднёвай Карэі.

«Першая карэйская ракетная ўстаноўка K239 Chunmoo толькі што прыбыла ў Польшчу. Яна была ўсталяваная на польскім грузавіку Jelcz», – напісаў Блашчак у Twitter.

Ён дадаў, што іншыя паўднёвакарэйскія РСЗА прыбудуць да канца года.

У кастрычніку 2022 года Польшча падпісала пагадненне пра набыццё 288 рэактыўных сістэмаў залпавага агню Chunmoo у рамках пагаднення з Паўднёвай Карэяй.

K239 Chunmoo – гэта самаходная рэактыўная сістэма залпавага агню, распрацаваная ў 2013 годзе для замены састарэлай K136 Kooryong ў паўднёвакарэйскім войску. Яна здольная запускаць некалькі розных кіраваных і некіравальных артылерыйскіх ракетаў.

Акрамя пускавых установак Chunmoo, Польшча атрымае вялікую колькасць ракетаў як высокадакладных з далёкасцю да 70 кіламетраў, так і тактычных з далёкасцю блізу 300 кіламетраў.

Шэраг пагадненняў, падпісаных на закупку танкаў, гаўбіцаў і самалётаў, зрабіў Польшчу найбуйнейшым абаронным кліентам Паўднёвай Карэі ў Еўропе.

Апошнія навіны