Reuters: У Расеі не стае паліва для збору ўраджаю
- 31.08.2023, 21:24
Найбольш дэфіцыт назіраецца ў паўднёвай частцы краіны.
Расея, адзін з найбуйнейшых у свеце вытворцаў нафты, сутыкнулася з нястачай паліва, неабходнага для збору ўраджаю, асабліва ў паўднёвай частцы краіны. Сітуацыя можа пагоршыцца ў найбліжэйшыя месяцы, піша агенцтва Reuters са спасылкай на крыніцы на расейскім рынку.
Трэйдары расказалі агенцтву, што сітуацыя на рынку паліва пагоршылася дзеля вываду ў рамонт нафтаперапрацоўчых заводаў, занятасці чыгункі і аслаблення рубля, якое стымулюе экспарт бензіну і дызельнага паліва.
"Бензін А-92 недаступны ў раздробным продажу ў Краснадарскім краі, Адыгеі і Астрахані, бензіну А-95 і дызельнага паліва практычна няма", – паведаміў агенцтву трэйдар на поўдні Расеі.
Іншы трэйдар паведаміў, што ва ўсёй Самарскай вобласці ўжо другі тыдзень спынены продажы дызеля на нафтабазах і на раздробных рынках.
Віцэ-прэм'ер РФ Аляксандр Новак заявіў у сераду, 30 жніўня, што дэфіцыту паліва няма.
«Існуе брак паліва... Цана нафтапрадуктаў вырасла ў дыяпазоне ад 10% да 20%», — паведаміў агенцтву ў пісьмовым каментары генеральны дырэктар аднаго з расейскіх аграхолдынгаў.
Гуртовая цана дызельнага паліва пачала імкліва расці ў ліпені. За апошнія два месяцы біржавая цана дызеля падскочыла ў сярэднім больш чым на 25% — да $ 700 за тону.
“Мы не купляем. Цэны вар'яцкія», — расказаў уладальнік нафтабазы.
Раней у гэтым месяцы Міністэрства энэргетыкі рэкамендавала нафтавым кампаніям знайсці спосабы стрымаць рост гуртовай цаны паліва ў сельскагаспадарчых рэгіёнах.