BE RU EN

Калі можна перавесціся з платнага навучання на бюджэтнае?

  • 11.01.2024, 21:40

Растлумачыла прарэктарка БДУ.

Беларускія студэнты, якія паступілі на платнае навучанне, могуць надалей атрымаць значную зніжку або нават перавесціся на бюджэтнае пры выкананні некалькіх умоваў. Пра гэта расказала прарэктарка ў навучальнай працы і адукацыйных інавацыях БДУ Алеся Прахарэнка ў эфіры дзяржаўнага тэлеканала СТВ.

Паводле ейных словаў, зрабіць гэта можна паводле вынікаў дзвюх прамежкавых атэстацый (дзвюх сесій, аднаго навучальнага года). За добрую паспяховасць, актыўны ўдзел у навуковай дзейнасці і працу ў студэнцкіх арганізацыях можна атрымаць зніжку на навучанне ад 20 да 60%, у некаторых выпадках можна нават перавесціся на бюджэт.

«Пастанова прымаецца камісіяй. Акрамя таго, зніжкі 40% вылучаюцца асаблівым катэгорыям студэнтаў, якія вызначаныя пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь», – расказала прарэктарка.

Дадамо, што ў Беларусі ў гэтым навучальным годзе больш за палову студэнтаў атрымліваюць адукацыю платна. Так, за кошт бюджэту сёлета навучаюцца 47,6% студэнтаў, а 52,4% – платна. Пры гэтым сярод тых, хто на дзённым навучанні ў дзяржвузах, бюджэтнікаў больш – 61,1%.

Апошнія навіны