Украінскіх дэпутатаў і чыноўнікаў могуць пазбавіць абароны ад мабілізацыі
- 13.01.2024, 17:53
Цяпер законапраект аб мабілізацыі знаходзіцца ў Мінабароне.
Ва Украіне новым законапраектам аб мабілізацыі народных дэпутатаў і чыноўнікаў могуць пазбавіць абароны ад мабілізацыі, паведамляе «РБК-Украіна» са спасылкай на прадстаўніка партыі «Слуга народа».
«Відавочна, будзем прыбіраць прывілей для дэпутатаў, службоўцаў і т. д., каб паказаць, што ўсе роўныя. Практычнага сэнсу ў гэтым няшмат, але інакш народ не зразумее», – сказаў ён.
Са слоў суразмоўцы СМІ, гэта трэба для таго, каб пашырыць базу мабілізаваных. У той жа час ён заявіў, што пакуль незразумела, як гэта зрабіць без карных захадаў для мужчын прызыўнога ўзросту, якія ўхіляюцца ад мабілізацыі.
У артыкуле гаворыцца, што зараз законапраект аб мабілізацыі знаходзіцца ў Мінабароны. Там яго будуць адаптаваць з улікам дэпутацкіх заўваг, а ўжо потым вынясуць на разгляд Кабінета міністраў.
Паводле звестак выдання, распрацоўшчыкі закона плануюць часткова змякчыць нормы, пры гэтым пакінуўшы агульную канцэпцыю, між іншым адносна абмежаванняў для ўхілістаў.
«РБК-Украіна» адзначае, што норма аб абароне для дэпутатаў ужо ёсць у заканадаўстве, такім чынам, нават калі не прапісваць для іх асобных прывілеяў у новым законе, іх усё роўна не змогуць мабілізаваць.
У матэрыяле таксама паведамляецца, што ёсць яшчэ адна ідэя, якая заключаецца ў адмове ад прыняцця адзінага вялікага закона аб мабілізацыі і замене яго некалькімі меншымі і тэматычнымі, напрыклад, прыняць нормы аб дэмабілізацыі. Аднак супраць гэтага выступае вайсковае кіраўніцтва, бо баіцца, што права на дэмабілізацыю атрымае адначасова велізарная колькасць вайскоўцаў, якія пайшлі ў войска ў першыя месяцы поўнамаштабнай вайны, а замяніць іх не будзе каму.