BE RU EN

Хто падпісаў «смяротны прысуд» цяжка хвораму палітвязню Вадзіму Храсько?

  • 13.01.2024, 20:10

Лукашыст, які судзіў беларускага героя, замешаны ў рэпрэсіях яшчэ з 2008 года.

Сяргей Хрыпач, які асудзіў цяжка хворага палітвязня Вадзіма Храско, які загінуў у лукашэнкаўскіх засценках, працуе ў гарадскім судзе не менш за пятнаццаць гадоў. За гэты час ён паспеў двойчы патрапіць пад санкцыі і асудзіць беларусаў на некалькі сотняў гадоў, піша nashaniva.com.

Больш за 15 гадоў у рэпрэсіях

Сяргею Хрыпачу 57 гадоў. Ён мянчук, скончыў 98-ю школу ў Серабранцы. Потым пайшоў на юрфак Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту. Невядома, калі ён стаў суддзёй, але ў Менскім гарадскім судзе ён дакладна працуе з «нулявых».

Першыя паведамленні аб тым, што Хрыпач замяшаны ў рэпрэсіях, датуюцца 2008-м годам. Ён адхіліў скаргу паводле «справы 14-ці» – палітычна матываванай справе супраць актывістаў, якія 10 студзеня 2008-га паўдзельнічалі ў страйку прадпрымальнікаў.

Пасля гэтага ён адным з першых патрапіў у санкцыйныя спісы ЕЗ за тое, што адхіліў апеляцыйныя скаргі асуджаных за ўдзел у пратэстах пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010-га года – Андрэя Саннікава, Уладзіміра Някляева, Мікалая Статкевіча і шэрагу іншых вязняў.

Пасля гэтага ад рэпрэсій яму дазволілі «адпачыць». Але ён вёў шэраг гучных спраў апошніх дзесяці гадоў, напрыклад, справу трагедыі на вуліцы Гая ў 2015-м, калі мужчына спрабаваў забіць сваю жонку і дзяцей, а пасля ўрэзаўся на вялікай хуткасці ў іншы аўтамабіль, дзе загінулі двое. А таксама «справа 17-ці» ў 2016-м, калі групу людзей абвінавачвалі ў арганізацыі наркашопа, а сярод абвінавачаных былі эмвэдэшнік і кэдэбэшнік.

Закрывае вочы на катаванні, прысуджае вялізныя тэрміны.

«Зорная гадзіна» Хрыпача, як і іншых палітычных суддзяў, прыйшла пасля 2020-га. Ён судзіў Аляксандра Троцкага, якога абвінавачвалі ў наездзе на супрацоўніка ДАІ. А справа была такая: 12 жніўня машыну Троцкага атачылі ўзброеныя даішнікі і адзін з іх без прычыны дастаў зброю і пачаў тыкаць ёй у Аляксандра. У адказ на гэта ён паспрабаваў з'ехаць, але яму пад колы кінуўся даішнік. Пашкоджанняў той не атрымаў, але Троцкага абвінавачвалі ў «спробе забойства міліцыянта».

Самога Аляксандра вельмі моцна катавалі пасля затрымання:

«Мяне збівалі з ужываннем дубінак, пісталета і з ужываннем газавага балончыка, распыліўшы мне яго ў твар. Практычна з самага пачатку збівання самастойна перасоўвацца я ўжо не мог».

Аляксандру Троцкаму прысудзілі дзесяць гадоў пазбаўлення волі. На той момант гэта быў самы жорсткі прысуд удзельніку пратэстаў.

Усяго ж толькі па вядомых справах Хрыпач прысудзіў беларусаў да пяціста гадоў турмы. За гэта ён уключаны ў санкцыйныя спісы ЕЗ і Вялікай Брытаніі.

Палітвязень Вадзім Харасько памёр у ноч з 8 на 9 студзеня ад пнеўманіі. Праваабаронцы паведамляюць, што ў шпіталь мужчыну даставілі ў стане, калі яго ўжо было немагчыма выратаваць. Афіцыйна аб смерці палітвязня пакуль не паведамлялася. 12 студзеня Вадзіма Храсько пахавалі ў Менску.

Нагадаем, 21 траўня 2021 года ў Шклоўскай калоніі памёр палітвязень Вітольд Ашурак. 5 студзеня 2022 года ў Магілёве скончыў жыццё самагубствам палітвязень Зміцер Дудайць. 7 траўня 2023 года ў калоніі памёр палітвязень Мікалай Клімовіч.

11 ліпеня 2023 года ў Гарадзенскай турме ад прабадной язвы памёр мастак Алесь Пушкін.

Апошнія навіны