BE RU EN

У Расеі ў маразы застаўся без ацяплення Ліпецк

  • 13.01.2024, 20:19

Слупкі тэрмометра паказваюць мінус 22 градусы.

Праз аварыі на цеплатрасе ў расейскім Ліпецку ў суботу, 13 студзеня, больш за 40 шматкватэрных дамоў засталіся без ацяплення. Тым часам тэмпература паветра ў горадзе – мінус 22 градусы па Цэльсіі, піша «Нямецкая хваля».

Мэр Ліпецка Яўгенія Уваркіна паведаміла, што раніцай 13 студзеня на лініі цеплазабеспячэння адбыліся два прарывы. На месцы працуюць аварыйныя службы. «Арыентыровачны тэрмін адключэння да 14 гадзін дня. Сітуацыю трымаю на кантролі. Разумею, якое надвор'е на вуліцы», – напісала Уваркіна ў Тэлеграме

Па прагнозе сіноптыкаў, на працягу дня тэмпература паветра апусціцца да мінус 24 градусаў па Цэльсіі, а ўначы чакаецца трыццаціградусны мароз.

З пачатку 2024 амаль у 20 расейскіх рэгіёнах адбыліся аварыі на сістэмах цеплазабеспячэння. Самай буйной стала аварыя ў горадзе Падольску Маскоўскай вобласці, дзе жыхары 174 шматкватэрных дамоў больш за тыдзень заставаліся без ацяплення. Паводле факта аварыі была распачатая крымінальная справа, двое падазроных адпраўлены ў СІЗА.

Аварыі на цеплатрасах адбыліся таксама ў шэрагу абласцей Цэнтральнай Расеі, Дагестане, Прыморʼі, Карэліі і Урале. У выніку без ацяплення засталіся дзясяткі тысяч чалавек.

Апошнія навіны