Унутры Расеі расце напружанне
- 21.01.2024, 20:22
Пяць знакавых сігналаў апошніх дзён.
Журналіст і блогер Аляксей Капыцько прааналізаваў апошнія няўдачы ўнутры Расейскай Федэрацыі і вылучыў пяць знакавых сігналаў:
1.Хваля аварый у сістэме ЖКГ дзясяткаў гарадоў. Што асвяжыла тэму рэальнага стану галіны (знос, месцамі - на мяжы калапсу). Спроба ўладаў скінуць віну на стрэлачнікаў справакавала петыцыі ў іх абарону. Абяцанні маштабна ўкласціся ў абнаўленне сетак сутыкнуліся з пытаннямі - а ці ёсць грошы? А ці варта ў такой сітуацыі ўкладвацца ў "новыя тэрыторыі" за кошт забітых "старых"?
2. «Інцыдэнт» з унікальным самалётам далёкай выведкі і лятальным камандным пунктам. Нягледзячы на спробы Крамля спісаць усё на памылку расейскай СПА ў Расеі нясецца трывога, што ўкраінскае войска чарговым разам атрымала магчымасці, якіх раней не мела. Што прыводзіць частку грамадзян да высновы: калі ўкраінцы сур'ёзна прыціснулі флот на вадзе, а цяпер пачалі даставаць авіяцыю ў небе над Азоўскім морам, то ў перспектыве маячыць ўскладненне сітуацыі і на зямлі. Спачатку на Херсоншчыне, потым і ў Крыме…
3. Аварыя на Ніжагародскім НПЗ “Лукойла” (5% перапрацоўкі расейскай нафты). Кампанія ўдвая знізіла вытворчасць бензіну. Паправіць абяцаюць да сакавіка. Адразу была арганізавана хваля каментароў, што кошты на бензін не вырастуць, ёсць чым манеўраваць усярэдзіне і закрыюць частку экспарту.
Аднак паралельна пайшла лавіна іншых меркаванняў: НПЗ стаў першай буйной ахвярай санкцый. У снежні на гэтым жа заводзе злёгку гарэла адна з установак, яе ўдалося перазапусціць на меншай магутнасці. Цяпер вось сур'ёзная паломка. Ва ўсіх дзелавых выданнях адзін сігнал - замяніць абсталяванне на кітайскае не атрымаецца, саматужна рамантаваць самім - не выйсце. І прагноз - гэта першая ластаўка, далей будзе горш.
4. Масавыя пратэсты ў Башкірыі праз суд над адным з мясцовых актывістаў – Фаілем Алсынавым. Нібыта ў адным са сваіх выступаў на башкірскай мове ён негатыўна адазваўся аб жыхарах Каўказа, Цэнтральнай Азіі і армянах. За гэта атрымаў 4 гады калоніі, бо "распальваў міжнацыянальную варажнечу" (Алсынаў сцвярджае, што яго словы няправільна пераклалі). Выходзіць, што штурмаваць натоўпам аэрапорт для расправы над габрэямі ў Дагестане - гэта мясцовы некаральны каларыт, а абараняць прыроду роднага краю і гаварыць на роднай мове ў Башкірыі - гэта варажнеча.
У выніку некалькі тысяч чалавек (называюць лічбу 5 тысяч) выйшлі на пратэст да суда, скончылася сутычкамі з паліцыяй і затрыманнем некалькіх чалавек. Вішанька на торце - удзельнікі “СВА” з Башкірыі выказаліся ў падтрымку Алсынава. І вось тут цікава.
Паводле звестак групы “Інфармацыйны супраціў”, публічна зафіксаваныя страты Башкартастана падчас нападаў на Украіну на 30% вышэйшыя, чым у Татарстане. Пры аднолькавай колькасці насельніцтве. Гэта вынік несуцішнай стараннасці мясцовага фюрара Радыя Хабірава, які актыўна адпраўляе землякоў на смерць.
Пасля значных страт у Дагестане, незадаволенасць якімі наклалася на раздражненне мясцовых жыхароў з-за рэгулярных блэкаўт, расейскія ўлады радыкальна знізілі адпраўку дагестанцаў на фронт. Гэта - дрэнны прыклад для іншых рэгіёнаў. І адначасова падказка людзям, што трэба рабіць. Улада баіцца пратэстаў, бо не дастаткова сіл іх ціснуць. Г.зн., і рэсурсы мабілізацыі ў іх не такія бязмежныя, як яны ўсіх пераконваюць.
5. Паступовае ўзмацненне жорсткасці рыторыкі жонак мабілізаваных. Якія публічна задаюць пытанне: зэкаў, якія мелі шматгадовыя тэрміны за цяжкія злачынствы, адпускаюць праз 6 месяцаў службы, а мабілізаваных расейцаў забралі бестэрмінова. Жаночыя пратэсты - гэта самае страшнае, што можа быць. Пакуль яны вельмі лакальныя і не нясуць прамой пагрозы. Пагрозу мае тэндэнцыя. На яе здушэнне Крамлю спатрэбяцца рэсурсы.
Разам.
Гэта не азначае, што РФ заўтра разваліцца ці нешта такое. Гэта паказчык, што ўнутры Расеі ў розных сферах расце напружанне. Зрывы і калапсы будуць здарацца часцей.
У комплексе гэта стварае дрэнны фон для падаўжэння Пуціна ў сакавіку. У іх няма добрых навін. На вынік гэта не паўплывае, але атмасфера будзе пагаршацца.
Менавіта таму Крэмль з такім азвярэннем гоніць сігнал, што Расея да жаху моцная, а Украіна заўтра рассыплецца. Ім кроў з носу трэба падтрымліваць гэты міф, бо інакш пачнуцца закісанні.