Reuters: Кандыдаты ў прэзідэнты Фінляндыі спаборнічаюць за самую жорсткую пазіцыю датычна РФ
- 25.01.2024, 21:37
Выбары пройдуць 28 студзеня.
Упершыню з часоў Другой сусветнай вайны кандыдаты ў прэзідэнты Фінляндыі спаборнічаюць за тое, каб заняць самую жорсткую пазіцыю ў дачыненні да Расеі падчас сваіх перадвыбарных кампаній.
Пра гэта паведамляе a target="_blank" href=https://www.reuters.com/world/europe/finlands-presidential-hopefuls-vie-offer-toughest-stance-russia-2024-01-25/>Reuters.
Яны імкнуцца дагадзіць выбарнікам, якія ўспрымаюць паводзіны Расеі ў дачыненні да сваіх суседзяў як варожыя і агрэсіўныя.
«Фіны былі абураныя ўварваннем Расеі ва Украіну і занепакоеныя ростам колькасці мігрантаў, якія прыбываюць у Фінляндыю праз Расею, што прывяло да таго, што скандынаўская краіна закрыла ўсю сваю мяжу з РФ даўжынёю 1340 км для пасажырскіх перавозак», – піша выданне.
Палітолаг Хельсінкскага ўніверсітэта Іягана Вуарэльма сказала, што калі раней мэтай было спаборніцтва за тое, у каго лепшыя стасункі з Расеяй і хто лепш за ўсіх умее весці перамовы і інтэрпрэтаваць расейскую палітыку, то цяпер канкурэнцыя больш зрушылася ў бок таго, хто мае самую жорсткую пазіцыю ў дачыненні да РФ, а таксама, магчыма, у абароннай палітыцы.
Прэзідэнт Фінляндыі кіруе знешняй палітыкай і палітыкай бяспекі ў цесным супрацоўніцтве з урадам. Таксама ён прадстаўляе краіну на сустрэчах NATO і выступае ў якасці галоўнага камандавальніка Сіламі абароны Фінляндыі.
Паўночная краіна была прынятая ў NATO летась, паклаўшы канец сямі дзесяцігоддзям палітыкі недалучэння і выклікаўшы пагрозы з боку РФ аб «контрзахадах».
«Новы прэзідэнт заменіць Саўлі Ніініста, які сыходзіць у адстаўку і якога празвалі “заклінальнікам Пуціна” за ягоныя папярэднія цесныя сувязі з расейскім лідарам», – піша Reuters.
Лідар апытанняў правацэнтрыст Аляксандр Стуб з «Нацыянальнай кааліцыі», заявіў, што наступным прэзідэнтам будзе не толькі першы фінскі прэзідэнт NATO, але і «заходні прэзідэнт у многіх сэнсах».
Кандыдат-нацыяналіст Юсі Хала-Аха, які займае трэцяе месца ў апытаннях і прадаўжае расці, заняў самую жорсткую пазіцыю ў дачыненні да Расеі, спрабуючы дагнаць Стуба і кандыдата ад лібералаў Пеку Хаавіста.
Хала-Ахо, крытык ЕЗ і прыхільнік жорсткай антыіміграцыйнай лініі, публічна назваў Расею «дзяржавай-ізгоем» і хоча пазбавіць фінскага грамадзянства асобаў з падвойным грамадзянствам Расеі і Фінляндыі. Ён таксама заклікаў да жорсткіх захадаў у адказ на міграцыйны крызіс, учынены РФ, і пашырэння яе абароннага супрацоўніцтва з ЗША.
Праеўрапейскі настроены былы прэм'ер-міністр Стуб далучыўся да Хала-Ахо і двух іншых кандыдатаў правага кшталту, якія падтрымалі ідэю скасавання падвойнага грамадзянства ў нядаўніх перадвыбарных дэбатах.