Чатыры краіны NATO набудуць блізу тысячы ракетаў для сістэмаў Patriot
- 3.01.2024, 21:31
Пасля маштабных нападаў РФ на Украіну.
Чатыры краіны, якія ўваходзяць у Паўночнаатлантычны альянс (NATO), заключылі пагадненне пра набыццё блізу тысячы ракетаў да зенітна-ракетных комплексаў Patriot. Размова ідзе пра Нямеччыну, Нідэрланды, Румынію і Гішпанію.
Пра гэта паведаміла Агенцтва NATO пра закупкі і забеспячэнне (NSPA) у сераду, 3 студзеня.
Як гаворыцца ў паведамленні, агенцтва падтрымлівае «кааліцыю чатырох краінаў» у набыцці ракетаў Patriot Guidance Enhanced Missiles (GEM-T).
Прэс-афіцэр NATO Матыяс Айхенляўб напісаў у сацсетцы X (Twitter), што ўгода ацэненая на 5,5 мільярда даляраў.
«Хаўруснікі NATO аб'ядналіся, каб набыць да 1000 ракетаў СПА Patriot падчас вайны Расеі супраць Украіны. Ацэненая на 5,5 мільярдаў даляраў, гэта адзін з найбуйнейшых набыткаў у гісторыі Агенцтва падтрымкі і закупак NATO», – гаворыцца ў ягонай нататцы.