ГУВ расказала, як расейцы інсцэнавалі гібель Асада
- 8.12.2024, 21:59
“Авіякатастрофа” была прыкрыццём.
На фоне паўстання ў Сірыі знік дыктатар Башар Асад. СМІ пісалі, што Асад мог загінуць у авіякатастрофе, але гэта не так.
Пра гэта паведамляе Telegram-канал ГУВ МА Украіны.
У ГУВ адзначылі, што ўцёкі з Дамаска Асада суправаджаліся навінамі аб знікненні з маніторынгавых радараў сігналу самалёта Іл-76Т з сірыйскім дыктатарам на борце, які нібыта быў выкліканы знішчэннем або авіякатастрофай.
Аднак, згодна са звесткамі выведкі, названую дэзінфармацыю Расея выкарыстоўвала для прыкрыцця сваёй аперацыі для выратавання сірыйскага дыктатара і абмежаванага кола набліжаных да яго асоб.
"Страта сігналу самалёта Асада з радараў, магчыма, звязаная з дзеяннямі экіпажа, які выконваў інструкцыі расейцаў і ажыццяўляў палёт пад іх кіраўніцтвам", – заявілі ў ГУВ.
У той жа час выведка піша, што становішча расейскага кантынгенту ў Сірыі зараз стабільна цяжкае, а рэшткі расейскай групоўкі працягваюць “спехам пакавацца і ўцякаць”.
“Першымі збеглі “гузы» расейскага войска. Следам за няўдалым генералам Сяргеем Кісялём тэрыторыю блізкаўсходняй краіны пакінуў новапрызначаны камандзір групоўкі войскаў РФ у Сірыі генерал Аляксандр Чайка - ён пакамандаваў тыдзень”, - дадалі ў ГУВ.
Між тым, са звестак ыведкі, для вывазу рэшткаў свайго ўзбраення, тэхнікі і асабовага складу расейцы прыцягнулі дадатковыя караблі, са складу балтыйскага флоту РФ.
Адзначым, раней сёння расейскае Міністэрства замежных спраў заявіла, што сірыйскі прэзідэнт Башар Асад нібыта пагадзіўся перадаць уладу "мірным шляхам", пасля чаго пакінуў Сірыю.
Да гэтага Reuters паведамляў, што Асад мог загінуць у авіякатастрофе з-за таго, што яго самалёт ляцеў дзіўным маршрутам, а затым увогуле знік з радараў.