Улады Чарнігава плануюць назваць вуліцу і завулак у гонар Каліноўскага
- 7.02.2024, 20:57
Вуліца ў гонар беларускага героя можа з'явіцца і ў Львове.
Ва ўкраінскім горадзе Чарнігаве плануюць перайменаваць яшчэ 21 вуліцу і 3 завулкі. Такую пастанову збіраюцца прыняць «з мэтай правядзення палітыкі ачышчэння гарадской прасторы ад тапонімаў, якія ўслаўляюць, увекавечваюць, прапагандуюць або сімвалізуюць Расейскую Федэрацыю і Рэспубліку Беларусь». Апублікаваны праект дакумента.
З яго вынікае, што вуліцу і завулак, названых у гонар савецкага героя Смірнова, збіраюцца перайменаваць у гонар нацыянальнага героя Беларусі, кіраўніка вызваленчага паўстання 1863–1864 гадоў Кастуся Каліноўскага. Праект пастановы вынесуць на разгляд найбліжэйшай сесіі гарадской рады.
Сёлета якраз у Чарнігаве праходзіла выстава, прысвечаная загінулым беларускім добраахвотнікам, пад назвай «З Украінай у сэрцы». На яе адкрыцці прысутнічалі прадстаўнікі мясцовай вайсковай і цывільнай адміністрацыі.
Тым часам уладам Львова прапануюць назваць у горадзе адну з вуліцаў у гонар Каліноўскага.
У Беларусі рэжым Лукашэнкі вядзе барацьбу з памяццю пра Кастуся Каліноўскага, зноў перапісваецца гісторыя.