У Літве прайшлі выбары прэзідэнта і рэферэндум
- 12.05.2024, 21:04
Прадугледжваецца другі тур.
У Літве ў нядзелю прайшлі прэзідэнцкія выбары і рэферэндум пра змену артыкула Канстытуцыі, які фактычна забараняе падвойнае грамадзянства. Выбарчыя ўчасткі зачыніліся а 20 гадзіне паводле мясцовага часу.
На выбарах прэзідэнта выбарнікі выбіралі паміж васьмю кандыдатамі. Сярод іх – дзейны прэзідэнт Гітанас Наўседа, былы старшыня партыі Хрысціянскіх дэмакратаў Ігнас Вегеле, прэм'ер-міністарка Інгрыда Шыманітэ, былы старшыня Канстытуцыйнага суда Дайнюс Жалімас.
Кандыдату для перамогі трэба набраць больш за 50 адсоткаў галасоў. Калі ў ніводнага з іх гэтага не атрымаецца, праз два тыдні будзе арганізаваны другі тур, дзе сустрэнуцца два кандыдаты, якія набралі больш за ўсё галасоў.
На галасаванні на рэферэндуме грамадзяне вызначаюць, ці варта змяніць 12 артыкул Канстытуцыі краіны, які пастулюе, што ніхто, за выключэннем асобных выпадкаў, не можа быць адначасова грамадзянінам Літоўскай рэспублікі ды іншай дзяржавы. Папраўка прыбірае гэтае правіла. Гэта павінна дазволіць літоўцам захоўваць грамадзянства ў выпадку атрымання пашпарта іншай краіны.
Яўка на галасаванні склала крыху больш за 59 адсоткаў галасоў. Для прыняцця канстытуцыйнай папраўкі за яе павінны прагаласаваць больш за палову грамадзянаў краіны, якія валодаюць правам голасу.
Падлік вынікаў чакаецца пасля поўначы. Вегеле на прэс-канферэнцыі абвясціў, што ён праходзіць у другі тур разам з Наўседам.