У Лондане баксёр памёр пасля ўдару ў скронь у дэбютным прафесійным баі
- 13.05.2024, 21:06
Лекары спрабавалі рэанімаваць баксёра цягам 20 хвілінаў.
Падчас турніру ў боксе ў Лондане 29-гадовы Шэрыф Лаваль, які 12 траўня дэбютаваў на прафесійным рынгу, страціў прытомнасць пасля накдаўну і памёр, паведамляе ВВС.
Лаваль прапусціў удар у чацвёртым раўндзе і ўпаў. Суддзя спыніў бой і выклікаў лекараў. Баксёра адвезлі ў лякарню, дзе канстатавалі ягоную смерць.
Відавочца расказаў The Sun, што спаборнік патрапіў Лавалю ў скронь і пасля страты прытомнасці баксёра спрабавалі рэанімаваць блізу 20 хвілінаў на вачах у гледачоў.
Бой Лаваля быў першым у кардзе, астатнія двубоі скасавалі.
Брытанская баксёрская рада кантролю, якая выступае кіроўным органам прафесійнага боксу ў краіне, выказала спачуванні ў сувязі са смерцю спартоўца.
Спаборнікам Лаваля быў партугалец Малам Валера, які правёў у прафесіяналах ужо шэсць паядынкаў.