Беларуская фігурыстка выканала найскладанейшы каскад
- 21.05.2024, 21:14
Відэа.
Фігурыстка Вікторыя Сафронава, якая выступае за Беларусь, выканала чацвярны рытбергер – трайны кажух. Пакуль, праўда, на трэніроўцы.
Спартоўка выклала відэа самых складаных скачкоў у сацсетках.
На гэты момант 21-гадовая Сафронава – лідарка беларускага адзіночнага жаночага катання. Хоць нарадзілася яна і пачала займацца фігурным катаннем у Маскве. У 2019-м яна змяніла спартовае грамадзянства і стала выступаць за каманду Беларусі. Прычына – праз сур'ёзную канкурэнцыю яна не магла трапіць у расейскую каманду.
Вікторыя адразу стала лідаркай сярод беларускіх фігурыстак. У 2022-м яна накіравалася на Алімпіяду, дзе заняла 13-е месца.
Сафронава – чатырохразовая чэмпіёнка Беларусі.
Нагадаем, пасля ўварвання РФ ва Украіну беларускія і расейскія фігурысты былі адхіленыя ад міжнародных спаборніцтваў. На нядаўнім «Кубку сяброўства», які праходзіў у Саранску, Вікторыя заняла першае месца.