BE RU EN

Створаны новы тып шакаладу

  • 1.06.2024, 20:37

Ён больш бяспечны для здароўя і экалогіі.

Швейцарскія навукоўцы і кулінары распрацавалі рэцэпт шакаладу, у якім замест класічнага цукру выкарыстоўваюць новую субстанцыю – салодкі гель на аснове здробненай мякаці і шалупіны какава-струка, што дазваляе рабіць шакаладкі больш бяспечнымі для здароўя і экалогіі, піша The Guardian.

Такі падыход «суцэльнай ежы», кажуць навукоўцы, робіць прадукт больш пажыўным, а яго вытворчасць патрабуе менш зямлі і вады.

«Калі параўнаць плён какавы з гарбузом, то цяпер мы выкарыстоўваем толькі яе насенне (бабы). Але ў гэтым струку ёсць шмат іншых цудоўных рэчываў», – кажа вядучы аўтар даследавання новага метаду Кім Мішра, тэхнолаг харчовай прамысловасці ў Швейцарскай вышэйшай тэхнічнай школе Цюрыха (ETH Zürich).

У ходзе лабараторнага эксперыменту ў вытворчасці новага тыпу шакаладу ўдалося выкарыстоўваць на 6% менш зямлі і вады. Пры гэтым выявілася, што дадатковы этап сушкі патрабуе больш энэргіі, што павышае аб'ём выкіду парніковых газаў на 12% – са слоў навукоўцаў, гэты працэнт можна знізіць, калі павялічыць маштабы вытворчасці, сушыць мякаць на сонцы або выкарыстоўваць сонечныя батарэі.

Фермеры ў трапічных краінах часта атрымліваюць толькі невялікую частку прыбытку, які прыносіць шакаладная прамысловасць коштам амаль 100 мільярдаў даляраў. Паколькі перапрацоўка мякаці павінна будзе адбывацца ў краінах, дзе вырошчваецца какава, то найбольшая выгада, магчыма, будзе назірацца там, кажа Алехандра Марангоні з кафедры харчовых навук Універсітэта Гвельфа ў Канадзе.

Апошнія навіны