Да падпалаў у гандлёвых цэнтрах Польшчы мае дачыненне зяць беларускага дыпламата
- 1.06.2024, 21:16
Расследаванне.
Як выявіў Альянс расследавальнікаў Беларусі, Сцяпан Касцючэнка, якога спецслужбы Польшчы падазраюць у датычнасці да падпалаў у гандлёвых цэнтрах (планаваўся падпал лакафарбавага заводу), з'яўляецца не толькі байцом ММА.
Альянс высветліў, што Касцючэнка звязаны як з беларускімі нацысцкімі групоўкамі, так і з беларускім дыпламатам.
Мяркуючы з матэрыялаў у адкрытых крыніцах, Сцяпан пад мянушкай «паляк» з сярэдзіны 2000-х звязаны з ультраправымі групоўкамі нацысцкага кірунку з ліку блізкіх да каляфутбольнага руху. Аднак, нягледзячы на публікацыі ў адкрытым доступе, сілавікі гэтым не надта цікавіліся.
Па фота аўтамабіля, апублікаваным пасля затрымання, Альянсу расследавальнікаў Беларусі ўдалося высветліць, што аўтамабіль «Рэно Сандэра» з нумарным знакам 8678РЕ-7 належыць Сцяпану Касцючэнку.
Ягоная жонка Кацярына Сяргееўна Касцючэнка – у дзявоцтве Міхневіч – зʼяўляецца дачкой былога генеральнага консула Беларусі ў Гданьску Сяргея Міхневіча.
З высокай ступенню імавернасці вярбоўка Сцяпана Касцючэнкі адбылася яшчэ ў Беларусі.
Сцяпан Касцючэнка мае дачыненне да нацысцкай групоўкі Combat-18 (татуіроўка на назе як пацверджанне), Blood&Honor, а таксама да расейскага батальёна «Эспаньола» (сфармаваны з расейскіх футбольных фанатаў пад куратарствам ФСБ), сцвярджае АРБ.
Нагадаем, Агенцтва ўнутранай бяспекі (ABW) Польшчы затрымала напярэдадні трох падазраваных у працы на расейскую разведку і здзяйсненне дыверсій. Сярод іх двое грамадзян Беларусі і адзін грамадзянін Польшчы. Размова ідзе аб падпальшчыках буйных абʼектаў у Польшчы.