МЗС Польшчы патрабуе ў Беларусі выдаць забойцу польскага памежніка
- 6.06.2024, 21:35
Часовага паверанага ў справах Беларусі выклікалі «на дыван».
У МЗС Польшчы пасля смерці параненага на мяжы з Беларуссю памежніка выклікалі часовага паверанага ў справах Беларусі Аляксея Панкраценку.
Пра гэта гаворыцца ў заяве польскай знешнепалітычнай установы.
Ва ўручанай яму ноце пратэсту Польшча катэгарычна патрабуе спыніць правакацыі на польска-беларускай мяжы і арганізацыю міграцыйных плыняў.
«Беручы да ўвагі тое, што злачынства адбылося на польскім баку мяжы, а таксама ў сувязі з расследаваннем, якое праводзіць пракуратура, МЗС таксама патрабуе ідэнтыфікацыі і выдачы падазраванага ў забойстве польскага грамадзяніна», – гаворыцца ў заяве.
Міністр замежных справаў Радаслаў Сікорскі пракаментаваў апошнія падзеі на мітынгу «Грамадзянскай кааліцыі» ў Познані.
«Гэта быў сапраўды нешчаслівы дзень, загінуў польскі жаўнер. Словы салдацкай прысягі абараняць сваю радзіму былі, на жаль, выкананыя, аддаўшы за яе сваю кроў і жыццё», – сказаў ён.
Паводле ягоных словаў, «калі нехта прабіваецца з нажом праз плот праз дзяржаўную мяжу, ударае функцыянера польскай дзяржавы, памежніка, салдата, то гэта не бежанец, а звычайны бандыт».
«Мы патрабуем ад беларускіх уладаў вызначыць асобу гэтага забойцы і перадаць яго польскім уладам у рамках расследавання, якое ўжо вядзе наша Міністэрства юстыцыі», – паведаміў Сікорскі.
Раней у чацвер стала вядома, што ў Польшчы памёр памежнік, які атрымаў нажавое раненне ў раёне сяла Дубічы Царкоўныя, калі завезеныя Лукашэнкам мігранты спрабавалі прарвацца з тэрыторыі Беларусі.
28 траўня ў раёне памежнай заставы ў вёсцы Дубічы Царкоўні група з блізу 50 замежнікаў кідала ў бок польскіх патрулёў галіны і камяні. Падчас спробы мігрантаў сілай перасячы мяжу адзін з іх нанёс нажавое раненне польскаму вайскоўцу.
Пасля гэтага прэм'ер Польшчы Дональд Туск анансаваў абмежаванне доступу да памежнай зоны.
Прэзідэнт Польшчы склікае Раду нацбяспекі праз інцыдэнты на мяжы з Беларуссю.