«У чым сэнс?»
- 7.06.2024, 21:50
Беларуска паказала, як выглядае бізнэс-клас «Белавія».
Беларуска Вікторыя пасля пералёту ў бізнэс-класе «Белавія» засталася незадаволеная ўмовамі для пасажыраў, якія заплацілі за павышаны ўзровень камфорту. Паводле ейных словаў, яны шмат у чым не адрозніваліся ад эканом-класу. Пра гэта яна расказала ў TikTok.
– Адзінае адрозненне – не прадаюць месца пасярэдзіне. А месца для ног як не было, так і няма, – расказала яна і дадала ў каментарах: – Назад мы ляцелі ў эканоміі, і ў бізнэсе ўжо былі падвойныя шырокія сядзенні. А яшчэ валізкі з паметкай «прыярытэтна» аддалі самымі апошнімі – з каментарамі супрацоўніка аэрапорта: «Ну, напэўна, іх самымі першымі загрузілі ў самалёт».
За прыярытэтную выдачу багажу дзяўчына заплаціла 50 даляраў. А вось іншыя дэталі рэйсу ў сваім кароткім аглядзе не апісала. Таму невядома, куды яна ляцела, колькі доўжыўся палёт і каштаваў квіток. Але пасажырка расказала і пра плюсы:
– Лепшая ежа, напоі ў крыштальных шклянках і льняныя сурвэткі пад паднос. У чым сэнс? Замест пластыкавага посуду атрымаць шкляны, і ўсё?