У Намібіі заб'юць сланоў і бегемотаў, каб раздаць мяса людзям у нястачы
- 27.08.2024, 21:05
Краіна на мяжы голаду праз моцную засуху.
Улады Намібіі прынялі пастанову адстрэльваць дзікіх жывёл, каб раздаць іх мяса мясцовым жыхарам. Намібія, як і многія афрыканскія краіны, перажывае моцную засуху, яе грамадзянам, асабліва ў сельскіх раёнах, не стае вады і ежы.
Міністэрства навакольнага асяроддзя плануе забіць 723 жывёліны. У іх ліку 83 сланы, 30 бегемотаў, 60 буйвалаў, 300 зебраў і розныя віды антылоп. Адстрэл будзе рабіцца ў парках і прыгарадных раёнах, дзе дзікай жывёле не стае ні пашы, ні водных рэсурсаў.
У рамках той жа праграмы прафесійныя паляўнічыя і кампаніі, якія атрымалі дзяржаўную замову, ужо забілі 157 буйных траваедных. Мясцовыя жыхары атрымалі больш за 56 тон мяса.
Міністэрства навакольнага асяроддзя заявіла, што ва ўмовах такой засухі непазбежная канкурэнцыя за ежу і ваду паміж чалавекам і жывёламі. Наяўныя прыродныя рэсурсы трэба выкарыстоўваць для дабра намібійцаў, адзначылі ў ведамстве.
Паводле ацэнкі ААН, цяперашняя засуха ў паўднёвай частцы Афрыканскага кантынента - наймацнейшая за апошнія некалькі дзесяцігоддзяў. На мяжы голаду знаходзяцца амаль 68 мільёнаў афрыканцаў. Намібія за апошні месяц вычарпала свае харчовыя рэзервы на 84 адсоткі.