Яшчэ тры рэгіёны Расіі ўвялі абмежаванні на продаж бензіну
- 21.10.2025, 22:56
20 літраў «ў адны рукі».
На аўтазаправачных станцыях «Байкальскай рэгіянальнай кампаніі» (БРК) у Іркуцкай вобласці (Сібірская федэральная акруга), Бурації і Забайкаллі (Далёкаўсходняя ФА) спынілі свабодны продаж бензіну, паведамляе The Moscow Times. З 21 кастрычніка на АЗС сеткі прадаюць не больш за 20 літраў бензіну АІ-92 «ў адны рукі». Як адзначылі ў самой БРК, абмежаванні былі ўведзеныя на нявызначаны тэрмін з-за збояў з адгрузкай бензіну з боку асноўных пастаўшчыкоў — «Раснафты» і «Газпрама».
Абмежаванні на запраўках БРК закранулі Іркуцк і Ангарск, сталіцу Бурації Улан-Удэ і Заіграеўскі раён Бурації. «У суботу [18 кастрычніка] муж не змог знайсці 95-ы. Нідзе. Заліваў 100-ы. А на 92-ы была велізарная чарга, не змог прабіцца», — паскардзілася, у прыватнасці, адна з жыхарак Ангарска.
Акрамя таго, не больш за 20 літраў на аўтамабіль пачалі прадаваць на запраўках сеткі «Корс» у Чыце і Забайкальскім краі, піша «Чыта.ру» са спасылкай на сваіх чытачоў. Выданне дадае, што на АЗС «Раснафты» ў рэгіёне раніцай у аўторак бензіну не было. Збоі ўзніклі і на запраўках «Газпрамнафты» ў Краснаярску, распавёў мясцовы журналіст Дзмітрый Палушын. На АЗС выстраілася чарга на куплю АІ-92: «На касе кажуць: вам пашанцавала, вы апошні, каму дастаўся 92-і бензін. А тут яшчэ і цэны па 58 рублёў за літр. Астатніх проста развяртаюць».
На мінулым тыдні жыхары Краснакаменска ў Забайкаллі паведамлялі, што ў горадзе працуе толькі адна запраўка, на якой утвараліся велізарныя чэргі. На астатніх АЗС скончыўся бензін АІ-92, АІ-95, АІ-100, а таксама дызпаліва, скардзіліся людзі. У адміністрацыі тлумачылі, што ў сеткі АЗС «Саюз і К» узніклі збоі з пастаўкамі, таму яны адпускалі паліва па талонах. Акрамя таго, з мінулага тыдня па 20 літраў 92-га бензіну «ў адны рукі» пачалі адпускаць у Кірэнскім раёне Іркуцкай вобласці і ў горадзе Бадайбо на поўначы рэгіёна, піша Irkutsk Media.
Дэфіцыт бензіну як мінімум у 57 рэгіёнах Расіі і абмежаванні продажу паліва на запраўках узніклі ў выніку ўзмацнення з жніўня атак украінскіх дронаў на аб'екты расійскай нафтаперапрацоўкі. Паводле ацэнак Міжнароднага энергетычнага агенцтва, у выніку ваеннай кампаніі ВСУ аб'ёмы перапрацоўкі сыравіны ў РФ абваліліся прыкладна на 10%, да 5 млн барэляў у суткі. На былыя магутнасці расійскія НПЗ змогуць выйсці не раней за другую палову 2026 года, прагназавалі ў МЭА.