Стаў вядомы кошт скрадзеных з Лувра ўпрыгожванняў
- 21.10.2025, 22:01
Гэтая сума сапраўды ўражвае.
Куратар Лувра ацаніў эканамічныя страты ў выніку гучнага крадзяжу каштоўнасцяў, учыненага ў мінулую нядзелю, у 88 мільёнаў еўра.
Як паведамляе «Еўрапейская праўда», пра гэта ў аўторак сказала пракурор Парыжа Лора Беккуа.
Прыведзеная Беккуа ацэнка ў 88 мільёнаў еўра — гэта першая прыблізная сума скрадзенага падчас рабавання Лувра.
«Гэта сума сапраўды ўражвае, але варта памятаць, што гэта эканамічная шкода; яна не ідзе ні ў якое параўнанне з гістарычнай шкодай, нанесенай гэтым крадзяжом», — дадала яна.
Пракурор таксама выказала надзею, што зламыснікі не вырашаць «разабраць» і «пераплавіць» каштоўнасці, каб іх прадаць.
Нагадаем, рабаванне музея адбылося раніцай 19 кастрычніка і доўжылася менш за 10 хвілін. Усяго было скрадзена дзевяць каштоўнасцяў Напалеона і імператрыцы Еўгеніі. З іх ужо знайшлі дзве: пашкоджаную спехам карону Еўгеніі і яшчэ адзін прадмет.