Лукашэнка «растлумачыў», навошта ў Мінску пасадзілі самалёт Ryanair і затрымалі Пратасевіча
- 19.12.2025, 10:47
Дыктатару даклалі, што на борце ёсць «свой чалавек».
Пры затрыманні экс-рэдактара NEXTA Рамана Пратасевіча, дзеля якога ў Мінску ў 2021 годзе пасадзілі самалёт Ryanair, што ляцеў у Вільнюс, беларускія сілавікі дзейнічалі згодна з інструкцыяй. Пры гэтым ужо было вядома, што ён — «свой чалавек». Пра гэта расказаў Аляксандр Лукашэнка ў пасланні на «Усебеларускім народным сходзе» 18 снежня.
— «Вось, Рамана Пратасевіча схапілі, пасадзілі самалёт, каб арыштаваць». Я толькі і рабіў, што спрабаваў патлумачыць: самалёт ляцеў над Вільнюсам. Над Вільнюсам быў. Саджаць яго там — была пагроза выбуху. Навошта вы разгарнуліся ад Вільнюса, заляцелі з поўдня і пачалі саджаць гэты самалёт у Беларусі? Мне ваенныя дакладваюць: «Наш чалавек там сядзіць». Цяпер вядома, што ён сапраўды наш чалавек, але супраць нас увялі санкцыі. І мне дакладаюць, і я думаю: «Госпадзе, што рабіць?» Нам жа не трэба, каб ён садзіўся ў Мінску, — трэба ў Вільнюс, — расказаў Лукашэнка.
Тады, паводле яго слоў, ён загадаў сілавікам «паднімаць усе інструкцыі і дзейнічаць згодна з імі».
— Пасадзілі ў Мінску, зрабілі ўсё, а потым Церцелю (кіраўнік КДБ Іван Церцель. — Заўв. рэд.) кажу: «Арыштоўвай яго як ворага народа». Вось у чым быў сэнс аперацыі, — патлумачыў дыктатар.
Як вынікае са слоў Лукашэнкі, менавіта гэтыя довады ён прыводзіў прадстаўнікам ЗША, пераконваючы іх зняць санкцыі з «Белавія»:
— Увялі санкцыі. Дык вы цяпер прабачцеся і адмяніце іх. Не таму, што там наш чалавек у самалёце, якога нам давялося арыштоўваць, а таму, што вы былі няправыя. Мы зрабілі ўсё паводле інструкцыі. А вось які ў вас быў намер, мы дагэтуль не ведаем, — заявіў дыктатар.
Нагадаем, 31 кастрычніка Лукашэнка заявіў, што экс-рэдактар NEXTA Раман Пратасевіч з’яўляецца супрацоўнікам беларускай разведкі і ў 2021 годзе працаваў пад прыкрыццём.
Нядаўна стала вядома, што Раман знайшоў новую працу — цяпер ён вядзе прапагандысцкую праграму «Без прыкрыцця» на дзяржаўным тэлеканале СТВ.