СМІ: У Міжземным моры атакаваны танкер РФ — ліквідаваны генерал ГРУ
- 19.12.2025, 23:15
Удар быў нанесены з дапамогай дронаў.
Украінскія вайскоўцы маглі атакаваць судна з ценявога флоту Расіі, якое ішло па Міжземным моры. Паведамляецца пра пацярпелых і, у прыватнасці, пра магчымую ліквідацыю генерал-маёра ГРУ РФ Андрэя Авер'янава, якога Аляксандр Невзораў чамусьці называе начальнікам ваеннай разведкі Расіі, піша «Фокус».
Нібыта ўдар быў нанесены з дапамогай дронаў. Пра гэта піша журналіст Аляксандр Невзораў са спасылкай на ўласныя крыніцы, які таксама публікуе відэа пажару на караблі.
Афіцыйных пацвярджэнняў атакі не было. Затое канал «Прямой» публікуе скрыншот з невядомай расійскай крыніцы, дзе заяўляюць пра атаку прыкладна ў 00:26. У паведамленні таксама гаворыцца пра гібель аднаго з «высокапастаўленых супрацоўнікаў адной са спецслужбаў».
Паводле даных Невзорава, безэкіпажныя катэры выйшлі з порта Грэцыі, прайшлі 500 км пад вадой, пасля чаго запусцілі дроны.
Журналіст сцвярджае, што быў атакаваны танкер ценявога флоту РФ. Паводле яго інфармацыі, вядома пра двух загінулых і сямёх параненых.
Невзораў паведамляе і імя аднаго з ліквідаваных — генерал-маёр ГРУ ГШ РФ Андрэй Авер'янаў, якога журналіст называе начальнікам ваеннай разведкі Расіі, хоць на дадзены момант Галоўнае разведвальнае ўпраўленне краіны-агрэсара ўзначальвае адмірал Ігар Кастюкоў.
«Авер'янаў адказвае за ценявыя здзелкі, забойствы, выбухі, шпіянаж у краінах ЕС, сабатаж і г.д. Ён жа стаіць за падрывам самалёта Прыгожына, атручваннем Скрыпалёў. Ён праводзіў аперацыі за мяжой па загадзе Пуціна. Перасоўваўся па ЕС на судах ценявога флоту», — піша Невзораў.
Украінскі бок пакуль не даваў ніякіх каментароў адносна магчымай атакі на расійскі танкер у Міжземным моры або пра ліквідацыю генерала ГРУ.
Пра атаку таксама піша балгарскае выданне Important News, праўда, невядома, ці спасылаюцца яны на інфармацыю Невзорава, ці на ўласныя крыніцы.