Экс-губернатар расейскага Сахаліна папрасіўся на вайну супраць Украіны
- 31.08.2025, 20:35
Ён асуджаны на 15 гадоў за хабар.
Экс-губернатар Сахалінскай вобласці Расеі Аляксандр Харашавін, які адбывае 15-гадовы тэрмін за хабар, захацеў ваяваць супраць Украіны, паведамляе РІА «Новості» са спасылкай на матэрыялы справы.
У іх гаворыцца, што былы кіраўнік рэгіёну напісаў заяву, у якой папрасіў адправіць яго на фронт. Калі менавіта было пададзенае хадайніцтва, не ўдакладняецца. Цяпер 66-гадовы Харашавін сядзіць у калоніі Хабараўскага краю. Раней ён прасіў замяніць астатні тэрмін на прымусовыя работы, але яму адмовілі.
Былога губернатара Сахалінскай вобласці ўзялі пад варту ў сакавіку 2015 года. Ён увайшоў у гісторыю як першы арыштаваны дзейны кіраўнік суб'екта Расеі. Суд прызнаў Харашавіна вінаватым у 17 эпізодах хабараў (частка 6 артыкула 290 КК) на агульную суму 522 млн расейскіх рублёў і адмыванні грошай. У лютым 2018 года яму прызначылі 13 гадоў калоніі строгага рэжыму і штраф 500 млн рублёў. У красавіку 2022-га тэрмін павялічылі на два гады. Пры ператрусах у Харашавіна выявілі асадку за 36 млн рублёў, 195 дарагіх гадзіннікаў, 800 ювелірных вырабаў, элітныя кватэры і самаходы — агульны кошт канфіскаванай маёмасці склаў 1,8 млрд рублёў, паведамляў генеральны пракурор.