BE RU EN

«Пралаз для Лукашэнкі замкнуты»

  • Аляксандр Хара
  • 31.08.2025, 20:57

Як удары Узброеных Сіл Украіны па расейскіх НПЗ адаб'юцца на Беларусі?

Пра гэта сайт Charter97.org пагаварыў з украінскім дыпламатам і палітолагам, дырэктарам Цэнтра абаронных стратэгій Аляксандрам Харам:

- Наколькі Беларусь здольная кампенсаваць нястачу паліва ў Расеі? Ці існуюць рэальныя аб'ёмы паставак, якія Менск можа даць Маскве, улічваючы абмежаваныя магутнасці НПЗ?

- Я не энэргетык, таму складана меркаваць пра лічбы. Але адназначна можна сказаць: увесь «эканамічны цуд» Лукашэнкі трымаўся на бязмытным атрыманні расейскіх энэргарэсурсаў і іх наступным продажы на захад.

Цяпер гэты пралаз замкнуты. Беларусь не з'яўляецца магутнай энэргетычнай дзяржавай, якая магла б замясціць страты Расеі. Патрэбы Масквы на значна вышэйшыя, чым Менск здольны забяспечыць.

З іншага боку, калі паліва будзе не хапаць у самой Беларусі, гэта таксама аслабіць рэжым Лукашэнкі. У адрозненне ад расейцаў, беларусы паказалі, што яны гатовыя выходзіць на пратэсты, яны не падтрымліваюць гэтую вайну. Таму цалкам можа адбыцца сітуацыя, якая пахісне рэжым.

Будзем спадзявацца на гэта, бо Лукашэнка з'яўляецца такім жа злачынцам, як і Пуцін. Ён дазволіў выкарыстоўваць тэрыторыю Беларусі для нападу на Украіну ў 2022 годзе. Праз яе паветраную прастору ляцяць на нашу краіну іранскія «Шахеды». Беларусь пад кіраваннем дыктатара Лукашэнкі - гэта вораг Украіны, як і сам Пуцін.

- Удар па станцыі нафтаправода «Дружба» ва Унечы: ці можна разглядаць гэта як сігнал не толькі Крамлю, але і асабіста Лукашэнку, улічваючы ролю Беларусі ў забеспячэнні Расеі палівам?

- Думаю, гэтым ударам Украіна паспрабавала забіць трох зайцоў, а не двух. Лукашэнка тут атрымаў спадарожную шкоду. Галоўны ўдар, вядома, быў па Расеі, якая атрымлівае нафтадаляры ад экспарту. Другі - па Вугоршчыне, супольніку Масквы. Мы бачылі ў сацсетках заявы прэм'ер-міністра Віктара Орбана, міністра замежных спраў Петэра Сіярта і іншых прадстаўнікоў вугорскага рэжыму: яны называлі гэта ударам па суверэнітэце Вугоршчыны, фактычным актам вайны. Хоць ад вугорскай мяжы да месца ўдару больш за 900 кіламетраў.

Так што гэта было вельмі разумнае развязанне. Тым больш, што сёння Еўропа на нашым баку. У 2022 годзе ЕЗ прыняў пастанову аб зніжэнні энэргетычнай залежнасці. Вугоршчына ж пайшла іншым шляхам - павялічыла залежнасць ад расейскага газу, атамнай энэргетыкі і нафты. Цяпер яны плацяць дарагую цану за сувязь з Крамлём і за агрэсіўную палітыку рэжыму Орбана супраць Украіны.

Апошнія навіны