У Беларусі неўзабаве пачнуць выпускаць незвычайны шакалад
- 14.09.2025, 3:34
Ён спадабаецца не ўсім.
Вытворчасць незвычайнага віду шакаладу неўзабаве асвояць у Беларусі. Пра гэта расказаў начальнік упраўлення каардынацыі паставак на ўнутраны рынак і знешнегандлёвай дзейнасці канцэрна «Белдзяржхарчпрам» Ігар Груцо, піша БелТА.
Беларускія кандытарскія фабрыкі пільна сочаць за тэндэнцыямі: калі не прапаноўваць пакупніку навінкі, ён хутка сыдзе да канкурэнтаў.
Да ліку такіх унікальных прадуктаў Груцо аднёс салодкасці без цукру, з якіх ужо сфарміраваўся асобны сегмент.
Далей — болей. Неўзабаве на рынку з'явіцца беларускі веганскі шакалад.
«Важна ўлічваць склад, каб прадукцыя падыходзіла для вегетарыянцаў і веганаў, што адкрывае новы рынак, да якога мы праяўляем вялікую цікавасць і працуем над пашырэннем асартыментнай лінейкі», — расказаў Груцо.
Ён упэўнены, што навінка набудзе папулярнасць у патрэбнай аўдыторыі. А кандытары будуць і далей эксперыментаваць і ісці ў нагу з тэндэнцыямі.