BE RU EN

Палітвязень Мікіта Залатароў парэзаў сабе вены

  • 14.09.2025, 11:16

Ён адбывае пакаранне ў ІК № 8 у Воршы.

Як паведамляе ініцыятыва dissidentby, напрыканцы жніўня палітвязень Мікіта Залатароў парэзаў сабе вены. Беларус адбывае пакаранне ў ІК № 8, што ў Воршы.

— Яго тэрмінова даставілі ў бальніцу, дзе наклалі швы. Мікіта жывы, але яго стан выклікае сур'ёзную занепакоенасць, — піша ініцыятыва і патрабуе яго неадкладнага вызвалення.

Мікіту Залатарова затрымалі ў 2020-м, калі яму было 16 гадоў, нібыта за тое, што ён кінуў «кактэйль Молатава» ў бок вайскоўцаў. Разам з Леанідам Кавалёвым і 25-гадовым Дзмітрыем Карнеевым яго абвінавацілі за падзеі 10 жніўня 2020 года па трох артыкулах КК:

293 (Арганізацыя масавых беспарадкаў);

295-3 (Незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, паражальнае дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў);

364 (Гвалт або пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў).

Яго прыгаварылі да пяці гадоў выхаваўчай калоніі. 26 чэрвеня 2022 года Мікіту этапавалі з выхаваўчай калоніі № 2 у гомельскі СІЗА-3, а затым — у магілёўскую калонію № 15. Пазней яго перавялі з калоніі ў магілёўскую турму. Вядома, што хлопец хварэе на эпілепсію.

Рэпрасіі закранулі і сям'ю Мікіты. Яго бацьку Міхаіла Лапунова неаднаразова арыштоўвалі па арт. 19.11 КаАП за «распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў», а ў 2023 годзе КДБ прызнаў «экстрэмісцкім фармаваннем» чат «Гомель за Мікіту Залатарова», за што яго адправілі ў калонію.

Апошнія навіны