Навукоўцы высветлілі, што ў васьміногаў ёсць любімыя «рукі»
- 14.09.2025, 11:52
Гэта можа паўплываць на магчымасці медыцыны.
Амерыканскія навукоўцы падчас даследавання выявілі, што васьміногі маюць любімыя шчупальцы, якія яны выкарыстоўваюць для пэўных задач часцей, чым іншыя. Пра гэта піша Tagesschau, са спасылкай на адпаведнае даследаванне.
У прыватнасці прафесар заалогіі Неапалітанскага ўніверсітэта Міхаэль Куба даследуе гэтых жывёл на працягу многіх гадоў і быў адным з экспертаў, якія ўдзельнічалі ў адкрыцці.
«Найважнейшае ў здольнасцях васьмінога — тое, што ён мусіць і можа кантраляваць цела, якое для нас амаль незразумелае», — падкрэсліў ён.
Паводле яго слоў, для гэтага васьміногу патрэбная велізарная магутнасць мозгу.
Каб вызначыць, што васьміног мае любімыя шчупальцы для пэўных задач, амерыканскія навукоўцы прааналізавалі відэазапісы жывёл у Атлантычным акіяне і Карыбскім моры.
«Да гэтага часу гэта даводзілася рабіць у акварыумах, дзе паводзіны жывёл могуць моцна адрознівацца ад натуральных. Новы вынік: у дзікай прыродзе васьміногі спецыяльна выбіраюць свае шчупальцы для розных задач. Хоць кожнае шчупальца здольнае выконваць любую задачу, яны, падаецца, аддаюць перавагу выкарыстоўваць свае пярэднія «рукі» для пошуку ежы, а заднія — для перасоўвання. Аднак сярод васьміногаў няма ні правшаў, ні ляўшаў. Яны карыстаюцца абедзвюма бакамі прыблізна аднолькава часта», — тлумачаць у матэрыяле.
У той жа час кантроль над такім гнуткім целам цікавіць не толькі біёлагаў. У прыватнасці, у галіне мяккай робататэхнікі даследчыкі хочуць выкарыстоўваць гэтыя веды для распрацоўкі новых робатаў.
«Васьміног для нас сапраўды з’яўляецца галоўнай крыніцай натхнення», — адзначыла інжынер-робататэхнік з Універсітэта Сінгапура Сесілія Ласкі.
Задачы, якія да гэтага маглі выконваць толькі робаты з цвёрдым каркасам, васьміног можа выконваць без костак. Таму інжынеры хочуць выкарыстаць гэта ў некалькіх сферах, да якіх адносяцца вытворчасць прадуктаў, аўтаматызаваная вытворчасць і медыцына.
«Калі вы працуеце вакол пацыента або ўнутры яго, як падчас эндаскапіі, вельмі цікава выкарыстоўваць тэхналогіі мяккай робататэхнікі для стварэння мяккіх эндаскопаў, якія могуць бяспечна рухацца вакол органаў, але таксама лепш прыстасоўваюцца да невялікіх прастор і потым, як васьміног, выконваюць пэўныя задачы», — адзначыла Ласкі.
Медыцынскімі задачамі могуць быць узяцце ўзоркаў тканак, спыненне крывацёку або выдаленне чужародных прадметаў. Такім чынам гэта мінімізуе рызыку пашкоджання цела і жыццёва важных органаў падчас аперацый.
«Аднак тэхналогія яшчэ знаходзіцца на пачатковай стадыі, многія робаты цяпер праходзяць клінічныя выпрабаванні. Яны яшчэ не выкарыстоўваюцца масава на аперацыйных сталах. Дзякуючы ведам даследчыкаў з Фларыды і Масачусэтса цяпер вядома, як менавіта «рукі» павінны рухацца разам, каб выконваць пэўныя задачы, і як найлепей размеркаваць функцыі паміж «рукамі». Такім чынам, мара пра робата-васьмінога ў аперацыйнай можа калі-небудзь стаць рэальнасцю», — запэўнілі ў Tagesschau.