BE RU EN

На папулярным сярод беларусаў курорце адмянілі сухі закон

  • 14.09.2025, 18:20

Ён дзейнічаў 50 гадоў.

У Тайландзе знялі забарону на продаж алкаголю, якая дзейнічала ў краіне больш за 50 гадоў. Такім чынам улады краіны хочуць стаць больш добразычлівымі да турыстаў, піша «Турпром».

Гэты крок ужо ўзбурыў уладальнікаў крам і рэстаранаў, бо адмена абмежаванняў, відавочна, абяцае ім павелічэнне прыбытку. Прыблізна на 20–25%.

Чакаецца, што адмена абмежаванняў станоўча паўплывае на эканоміку Тайланду ў цэлым, прынясе карысць не толькі рэстаранам, але і пастаўшчыкам, вытворцам закусак і іншым прадпрыемствам, звязаным са сферай гасціннасці.

Прэзідэнт Асацыяцыі рэстараннага бізнесу Тайланду Соратхеп Рожподжчанарат выказаў глыбокую ўдзячнасць і папярэдняй адміністрацыі, і апазіцыйным партыям за тое, што яны «прыслухаліся да голасаў уладальнікаў бізнесу».

Лідары галіны перакананыя, што змена палітыкі ўмацуе імідж Тайланду як гасціннага накірунку.

А што гэта значыць для звычайных турыстаў?

Ідзе гаворка пра забарону ў абедзены час — з 14:00 да 17:00. Даволі папулярны адрэзак, калі хочацца скрасіць спякоту перад вечарам. Аднак купіць алкаголь нельга было як у крамах, так і ў рэстаранах.

Пры гэтым абмежаванні ўсё адно застаюцца — сухі закон дзейнічае з 00:00 да 11:00, то бок у начны час. Дарэчы, гэта датычыць толькі крам.

Там не прадаюць алкагольныя напоі падчас нацыянальных і рэлігійных святаў. Таксама там дзейнічае ўласнае ўзроставое абмежаванне — з 20 гадоў.

Ужыванне алкаголю ў грамадскіх месцах (у парках і на вуліцах) таксама забаронена і можа пацягнуць за сабой штраф.

Апошнія навіны