Улады ўводзяць навацыі ў сферы ЖКП
- 14.09.2025, 19:25
Яны закрануць «дармаедаў» і навасёлаў.
У кастрычніку ў Беларусі пачнуць дзейнічаць змены, якія датычацца жыллёва-камунальных паслуг. «Зеркало» склала падборку такіх навацый.
Навацыя па электраэнергіі
З кастрычніка таксама ўвядуць некаторыя змены па аплаце спажытай электраэнергіі. Так, людзям, якія набылі кватэру ў новабудове, на працягу трох месяцаў пасля ўводу яе ў эксплуатацыю будуць выстаўляць рахункі за электраэнергію па субсідаваных тарыфах.
Для нежылых памяшканняў з'явіцца магчымасць ажыццяўляць дыферэнцыяваную аплату паводле часу сутак, выбраўшы двухзонны або трохзонны тарыф. Але ёсць важны нюанс — наяўнасць дагавора на электразабеспячэнне.
Навацыя для «дармаедаў»
З 1 кастрычніка ўвядуць навацыю па разліку і аплаце жыллёва-камунальных паслуг для кватэр, уласнікі якіх трапілі ў базу «ўтрыманцаў». Так, з наступнага месяца ў сітуацыях, калі ўласнік жылля апынаецца ў ліку «дармаедаў», усе выдаткі на ацяпленне, гарачую ваду і газ будуць налічвацца па эканамічна абгрунтаваных тарыфах, нават калі іншыя зарэгістраваныя ў гэтай кватэры лічацца занятымі ў эканоміцы. Цяпер уласнік-«дармаед» толькі сваю частку гэтых паслуг аплачвае па поўных тарыфах.
Нагадаем, «дармаеды» цяпер аплачваюць па поўных тарыфах некаторыя жыллёва-камунальныя паслугі — ацяпленне, гарачую ваду і газ. Кошт першых двух паслуг для «ўтрыманцаў» у 4,8 раза вышэйшы, чым для астатняга насельніцтва. Пры гэтым чыноўнікі не адмовіліся ад ідэі ўвесці для «дармаедаў» абмежаванні на бясплатную медыцыну.
Жыроўкі — або на паперы, або электронныя
Сярод іншага, навацыі, якія пачнуць дзейнічаць з 1 кастрычніка, закрануць спосабы паведамлення аб памеры платы за жыллёва-камунальныя паслугі. Так, з наступнага месяца жыроўку можна будзе атрымаць толькі адным са спосабаў: або папяровую, або ў электронным фармаце, паведамілі раней у Міністэрстве жыллёва-камунальнай гаспадаркі.