Арменія прыбярэ выяву Арарата са штампаў пра перасячэнне мяжы
- 14.09.2025, 22:38
Краіна імкнецца да нармалізацыі адносін з Турцыяй.
З 1 лістапада 2025 года са штампаў пра перасячэнне дзяржаўнай мяжы Арменіі прыбяруць выяву гары Арарат. Замест яе застануцца надпісы «Арменія» на армянскай і англійскай мовах, назва пункта пропуску, дата перасячэння мяжы, а таксама сімвалы тыпу пункта пропуску — паветранага, чыгуначнага або аўтамабільнага, паведамляе «Радыё Свабода».
Гара Арарат лічыцца нацыянальным сімвалам Арменіі і адлюстраваная на яе гербе, але знаходзіцца на тэрыторыі Турцыі паводле Маскоўскай дамовы 1921 года як частка Сурмалінскага ўезда Эрыванскай губерні, якая да таго была часткай Расійскай імперыі.
Змены разглядаюцца на фоне крокаў па нармалізацыі адносін Ерэвана і Анкары — у Арменіі з Турцыяй застаюцца складаныя дыпламатычныя адносіны. Краіны мелі рознагалоссі адносна армяна-азербайджанскага канфлікту ў Карабаху, а таксама пытання прызнання генацыду армян у Асманскай імперыі ў 1915 годзе.