ISW: Расія не выпадкова атакуе НАТА сваімі беспілотнікамі
- 15.09.2025, 9:11
Другая краіна Альянсу за чатыры дні.
Расійскі беспілотнік, які зафіксавалі ў небе Румыніі ў ноч на 13 верасня, стаў ужо другім выпадкам уварвання Расіі ў паветраную прастору краін НАТА цягам чатырох дзён, канстатуе Інстытут вывучэння вайны (ISW), аналізуючы гэты выпадак.
Пасля ўварвання расійскіх дронаў у паветраную прастору Польшчы ў ноч на 10 верасня міністр абароны Румыніі Іонуц Моштяну 13 верасня паведаміў, што румынскія войскі ўздымалі ў паветра два знішчальнікі F-16 з 86-й авіябазы каля Фетешць пасля таго, як румынскія радары выявілі расійскі беспілотнік у паветранай прасторы Румыніі а 18:23 па мясцовым часе. Моштяну заявіў, што Румынія амаль штотыдзень сутыкаецца з «правакацыямі з боку Расіі». Міністр замежных спраў Румыніі Оана-Сільвія Цою назвала дзеянні Расіі «непрымальнымі і безразважнымі». Паводле яе слоў, дрон кантралявалі ВПС Румыніі: яго суправаджалі два знішчальнікі F-16, пакуль ён не пакінуў паветраную прастору Румыніі. Ён не нанёс шкоды, ахвяр не было, падкрэсліла Цою.
Акрамя таго, Міністэрства абароны Румыніі 14 верасня прадставіла амерыканскаму тэлеканалу ABC News даныя, згодна з якімі расійскія дроны ўжо 11 разоў парушалі паветраную прастору Румыніі з пачатку паўнамаштабнага ўварвання ва Украіну, уключаючы інцыдэнт 13 верасня. Акрамя таго, паводле даных Мінбароны Румыніі, з лютага 2022 года расійскія беспілотнікі здзейснілі каля 50 дронавых удараў паблізу ўкраінска-румынскай мяжы. У 30 з гэтых выпадкаў абломкі беспілотнікаў падалі на тэрыторыю Румыніі.
У ISW па-ранейшаму лічаць, што выпадкі ўварвання беспілотнікаў у Польшчу і Румынію былі наўмыснымі. Там таксама нагадалі пра словы прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, які адзначыў, што траекторыі палёту расійскіх беспілотнікаў «заўсёды пралічваюцца» і што беспілотнік не выпадкова трапіў у паветраную прастору Румыніі праз памылку або дзеянні камандзіраў ніжэйшага ўзроўню.