WSJ: Як Украіна стварае ракету для ўдараў у глыб Расіі
- 12.01.2026, 21:11
Гэта змяняе баланс сіл.
У цэнтральнай Украіне на адным з засакрэчаных заводаў вядуцца працы над новай крылатай ракетай FP-5, якая атрымала неафіцыйную назву «Фламінга». Гэты праект стаў ключавым элементам імкнення Кіева стварыць уласнае далёкабойнае ўзбраенне і знізіць залежнасць ад заходніх паставак, піша The Wall Street Journal.
Ракета даўжынёй больш за гарадскі аўтобус і масай каля сямі тон здольная несці баявую частку вагой да 1,1 тоны. Паводле звестак кампаніі-распрацоўшчыка Fire Point, запас паліва дазваляе ракеце «Фламінга» пераадольваць больш за 2 900 км, што супастаўна з магчымасцямі расійскіх ракет «Калібр» і Х-101. Гэта значна перавышае дальнасць заходніх сістэм, наяўных у распараджэнні Украіны.
Fire Point ужо вядомая стварэннем далёкабойнага беспілотніка FP-1, які актыўна выкарыстоўваўся для удараў па расійскай нафтавай інфраструктуры. Аднак адносна невялікі зарад дронаў дазваляў Расіі хутка аднаўляць пашкоджаныя аб’екты. Новая ракета, на думку распрацоўшчыкаў, павінна наносіць значна больш сур’ёзную шкоду.
Праект рэалізуецца ва ўмовах жорсткай эканоміі: выкарыстоўваюцца адкрытыя праграмныя рашэнні, рухавікі ад старых савецкіх самалётаў і максімальна простыя, але надзейныя кампаненты. Пры гэтым кампанія пастаянна дапрацоўвае канструкцыю, прызнаючы, што ракета пакуль не дасягнула ўсіх заяўленых характарыстык і застаецца ўразлівай да перахопу.
Fire Point была заснаваная ў 2022 годзе і за кароткі час вырасла да больш як 2 000 супрацоўнікаў на дзясятках пляцовак па ўсёй краіне. Кампанія заяўляе, што кожная вытворчасць мае дублюючую пляцоўку на выпадак расійскіх удараў.
Першае прымяненне «Фламінга» Украіна афіцыйна пацвердзіла ў жніўні — па мэце ў Крыме. Эксперты адзначаюць, што нават пры абмежаванай эфектыўнасці сам факт з’яўлення ва Украіны ўласных далёкабойных ракет ужо змяняе баланс сіл, пазбаўляючы Расію пачуцця бяспекі глыбока ў тыле.