Як Мадура «праігнараваў» Лукашэнку
- 13.01.2026, 16:24
Над дыктатарам навісла пагроза.
Кіраўнік Беларусі абураецца захопам амерыканцамі кіраўніка Венесуэлы, але ягоныя адносіны з Нікаласам Мадура былі далёкія ад сяброўскіх. «Салідарнасць» распавядае, як надзеі Аляксандра Лукашэнкі на заакіянскага калегу не спраўдзіліся.
Лукашэнка спрабаваў знайсці ў Мадура сябра
Нядаўна кіраўнік Беларусі сказаў пра калегу (мабыць, ужо былога) з Венесуэлы: «Я яго ведаю, можна сказаць, з дзяцінства».
На практыцы гэта азначае, што палітыкі знаёмыя з другой паловы 2000-х. Тады паміж Лукашэнкам і прэзідэнтам Венесуэлы Уга Чавесам узніклі цесныя стасункі, а Мадура працаваў у апошняга міністрам замежных спраў (з 2006-га).
У 2010-м Лукашэнка прымаў Мадура ў Мінску. Менавіта ў тым годзе на фоне «нафтавай вайны» з Расіяй Мінск і Каракас дамовіліся пра раней нечуванае — пастаўкі венесуэльскай нафты ў Беларусь.
Гледзячы на старыя фатаграфіі, можна заўважыць, што Мадура часта суправаджаў Чавеса і Лукашэнку. Гэта бачна, напрыклад, на гэтым вядомым здымку.
Чавес памёр ад анкалогіі вясной 2013 года. Лукашэнка тады прыляцеў на яго пахаванне ў Каракас, дзе пастараўся наладзіць кантакты з Мадура. Каб уразіць венесуэльскі бок, кіраўнік Беларусі не раз пусціў слязу.
Прэс-служба Лукашэнкі з надзеяй цытавала абяцанне Мадура: «Тое, што было пры Уга Чавесе, будзе працягнута».
Праз некалькі месяцаў ужо ў статусе нядаўна абранага прэзідэнта Венесуэлы Мадура прыляцеў у Мінск. Лукашэнка не хаваў сваёй зацікаўленасці: «Мы спадзяёмся і абсалютна ўпэўнены, што палітыка, якую вы праводзілі разам з Уга Чавесам, будзе захавана».
Як Мадура даў Лукашэнку «ад варот паварот»
Аднак новы кіраўнік Венесуэлы ў эканамічным супрацоўніцтве з Беларусьсю не быў зацікаўлены. На фоне ўзмацнення пры Мадура карумпаванага аўтакратычнага рэжыму на адносіны з Мінскам, па сутнасці, махнулі рукой. Пра ніякія льготныя пастаўкі нафты ўжо гаворкі не было.
Лічбы гавораць больш чым красамоўна. З амаль 1,5 млрд долараў таваразварот дзвюх краін за некалькі гадоў пры Мадура абваліўся, па сутнасці, да нуля.
Хоць з 2013 года Лукашэнка ледзь не штогод перадаваў Мадура «прывітанне» праз прадстаўнікоў Венесуэлы і прапаноўваў распрацаваць «дарожныя карты», справа з мёртвай кропкі не зрушылася.
Асабістыя сустрэчы сталі вялікай рэдкасцю. У 2015-м палітыкі мімаходзь бачыліся ў Маскве. У 2017-м Мадура з жонкай прыляцелі ў Мінск.
Як Мадура «ігнараваў» Лукашэнку ў апошнія гады
Улетку 2024 года ў Каракас злятаў прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка. «Салідарнасць» тады пісала: відаць, абед для Лукашэнкі — усё, што сёння Венесуэла можа прапанаваць Беларусі.
Аднак Галоўчанка бачыў сітуацыю інакш. Ён заявіў, што візіт Мадура ў Беларусь чакаецца ў кастрычніку-лістападзе 2024-га. Але гэтага не адбылося. У кастрычніку палітыкі толькі каротка паразмаўлялі на палях саміту БРІКС у Казані — гэта была іх апошняя асабістая сустрэча.
Дарэчы, менавіта на адносіны з Расіяй, а не з Беларуссю ўсе гэтыя гады спрабаваў рабіць стаўку Мадура.
Пры зносінах з менш высокапастаўленымі чыноўнікамі з Венесуэлы Лукашэнка ўжо не хаваў незадаволенасці і бурчаў: «Трэба шчыра сказаць, што і Венесуэла, і Беларусь слаба карыстаюцца тымі перавагамі, якія былі створаныя шмат гадоў таму».
Праўда, з расследавання CCRP і «Беларускага расследавальніцкага цэнтра» высветлілася, што Беларусь запазычылася Венесуэле на 1,4 млрд долараў паводле нафтавага кантракта 2010 года. Але публічна палітыкі гэтую тэму не ўздымалі.
На ўзроўні ўсяго некалькіх мільёнаў долараў таваразварот дзвюх краін «боўтаўся» і ў апошнія гады.
25 лістапада 2025 года Лукашэнка, відаць, не ўяўляючы, што можа здарыцца ў бліжэйшыя месяцы, заявіў паслу Венесуэлы ў Расіі: «Вельмі прашу вас: перадайце майму сябру Нікаласу Мадура, што мы яго заўсёды ў Беларусі чакаем. Пара ўжо яму пабываць тут, у Беларусі».
Ужо 11 снежня іх сустрэча паўтарылася, і стала зразумела, што адбываецца нешта незвычайнае. Але праз некалькі дзён Лукашэнка заявіў у інтэрв’ю, што «ніколі» не размаўляў з Мадура на тэму яго ўцёкаў у Беларусь.
Пасля захопу кіраўніка Венесуэлы амерыканцамі Лукашэнка абураўся. Але, можна меркаваць, гэта хутчэй тлумачыцца новымі правіламі гульні і патэнцыйнай пагрозай яго бяспецы, чым сімпатыямі да Мадура.