Беларусам замест Лукашэнкі і ягонага атачэння паказваюць «кансервы»
- 15.01.2026, 20:01
Ці жывы яшчэ 150-кілаграмовы дыктатар?
Прэс-служба Лукашэнкі 15 студзеня паказала «кансерву» з нарады па кадравых перастановах у Палацы незалежнасці. Старшыня «палаты прадстаўнікоў» Ігар Сяргеенка, які нібыта прысутнічаў у рэзідэнцыі, у той жа момант быў на семінары ў Доме ўрада, піша «Зеркало».
Прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі ў тэлеграм-канале «Пул Першага» 15 студзеня апублікавала фатаграфіі з Палаца незалежнасці, дзе нібыта праходзіла кадравая нарада. На фатаграфіях — старшыня «палаты прадстаўнікоў» Ігар Сяргеенка і старшыня «савета рэспублікі» Наталля Качанава.
«У Палацы заўважаныя старшыні палат «парламента»! Становіцца ўсё цікавей!» — падпісаў фатаграфіі, апублікаваныя а 11.01 паводле беларускага часу, «Пул Першага».
За паўгадзіны да гэтага, а 10.23, у афіцыйным тэлеграм-канале «палаты прадстаўнікоў» з'явіўся пост пра тое, што «прама цяпер» у Доме ўрада праходзіць семінар-нарада пад старшынствам таго ж самага Ігара Сяргеенкі. На фота кіраўнік ніжняй палаты «парламента» сапраўды знаходзіцца ў зале, хоць зняты здалёк.
«Прама цяпер! У Авальнай зале пад старшынствам Ігара Сяргеенкі праходзіць семінар-нарада Палаты прадстаўнікоў на тэму «Прававое рэгуляванне фінансавых інструментаў для насельніцтва (спажывецкія крэдыты, мікрапазыкі і лізінг). Практыка правапрымянення, перспектывы развіцця», — паведамілі ў «палаце прадстаўнікоў».
А 11.21 там жа з'явіліся фатаграфіі Сяргеенкі буйным планам і паведамленне пра тое, што ён адкрыў нараду.
Нагадаем, што нядаўна ў 150-кілаграмовага Лукашэнкі ўзмацніўся тремор галавы, калі ён загаварыў пра лёс Мадура.