Залужны вярнуўся ва Украіну і сустрэўся з Зяленскім
- 15.01.2026, 19:55
Што абмяркоўвалі.
Былы галоўнакамандуючы Узброеных Сіл Украіны і пасол у Вялікабрытаніі Валерый Залужны прыехаў ва Украіну і сустрэўся з прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім. Пра гэта паведаміў украінскі лідар у тэлеграм-канале.
«Сустрэліся з Валерыем Залужным. Падзякаваў яму за працу ў камандзе Украіны. І важна, што мы ўсе разам абараняем незалежнасць Украіны, нашы нацыянальныя інтарэсы, нашых людзей. Абмеркавалі дыпламатычныя задачы, якія актуальныя цяпер і могуць узмацніць нас усіх», — напісаў Зяленскі.
У канцы снежня ўкраінскае выданне Radio NV паведаміла, са спасылкай на крыніцы, пра планы Залужнага вярнуцца ва Украіну і пайсці ў адстаўку з пасады пасла. «Яны з прэзідэнтам абмяркоўвалі розныя пасады для Залужнага, ад прэм'ера да кіраўніка офіса прэзідэнта, але ён на той момант цікавасці не праяўляў», — расказаў суразмоўца выдання. Залужны разважаў пра пасаду пасла ў ЗША або галоўнакамандуючага Узброеных Сіл Украіны, але рашэнняў прынята не было, сцвярджалі іншыя крыніцы Radio NV.