Беларусы паказваюць у сацсетках подпісы пашпартыстак са сваіх дакументаў
- 19.01.2026, 20:45
Навошта?
Беларусы адкрылі свае пашпарты і з дзівам выявілі ў іх мудрагелістыя подпісы «адказных асоб», якія выдалі ім дакумент. Аўтографы некаторых чыноўнікаў і чыноўніц дзівяць сваёй даўжынёй і мастацкасцю. Здымкамі самых уражлівых узораў «пашпартнага жывапісу» нашы суайчыннікі падзяліліся ў сацсетках — на гэта звярнуў увагу «Віртуальны Брэст».
Аўтарка аднаго з пастоў прызналася, што ў яе папярэднім пашпарце быў «нармальны» подпіс, але цяпер яна — шчаслівая ўладальніца загадкавага графіці, якое, на яе думку, можа належаць толькі «пашпартыстцы са Светлагорска».
Карыстальніца tatiana_starovoitova8 з Брэста задала філасофскае пытанне: «Няўжо ні ў каго з Брэста няма дзіўнага подпісу? Хто ведае, той зразумее». Відаць, у кожным рэгіёне — свае традыцыі.
olya_bakhur прызнаецца: «Дзеля такога ў 7 раніцы пайшла шукаць пашпарт».
shatunova_makeup дадала: «Другая гадзіна ночы, пайшла правяраць…»
maxxtour.by падхапіла эстафету: «Пайду-ка зазірну ў свой у першую гадзіну ночы». Пазней яна паведаміла з лёгкай крыўдай: «Ведаеце, мае вельмі сціплыя аказаліся, ужо праверыла) проста крыўдна стала».
Карыстальнікі выказваюць канспіралагічныя версіі паходжання экстравагантных аўтографаў.
yuliya_vezhel перакананая: «Гэтая дзіч у іх з’яўляецца разам з прызначэннем на гэтую пасаду, відаць, каб мацней кідалася ў вочы».
inkin_nails развіла думку: «Гэтая функцыя ім перадаецца па кар’ернай лесвіцы».
beogot прапанавала практычнае тлумачэнне: «Гэта каб цяжка было падрабіць».
Найбольш дзіўнае — людзі пачалі пазнаваць па подпісах… гарады.