ЗСУ нанеслі патройны ўдар па Расіі
- 20.01.2026, 8:05
Гарэлі нафтабаза, НПЗ і склад беспілотнікаў.
19 студзеня ўкраінскія вайскоўцы нанеслі масіраваны ўдар па тэрыторыі Расіі. Першай мэтай стаў Туапсінскі нафтаперапрацоўчы завод у Краснадарскім краі, дзе ўдалося паразіць наліўны тэрмінал.
Аператары беспілотнікаў не абмежаваліся адным рэгіёнам: атака таксама была здзейснена на нафтабазу «Осколнефтеснаб» у Белгародскай вобласці, у раёне Котла. У выніку ўдару быў знішчаны паліўны рэзервуар РВС-1000, яшчэ шэсць ёмістасцяў гэтага тыпу атрымалі пашкоджанні.
Паражэнне згаданых аб’ектаў пацвердзілі у Генштабе Узброеных Сіл Украіны.
Акрамя таго, у ноч на 19 студзеня ўкраінская авіяцыя ў трэці раз атакавала мэты ў Новакраснянцы Луганскай вобласці. Удар быў нанесены па складзе беспілотнікаў 144-й мотастралковай дывізіі Узброеных Сіл РФ.
У Генштабе ЗСУ заявілі, што ўдары будуць працягвацца з мэтай аслаблення наступальных магчымасцяў расійскай арміі і яе ваенна-прамысловага комплексу.