Трамп заявіў аб гатоўнасці заплаціць за Грэнландыю пры неабходнасці
- 22.01.2026, 7:14
Суму прэзідэнт ЗША не назваў.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп на палях форуму ў Давосе заявіў, што пры неабходнасці дапускае магчымасць заплаціць за Грэнландыю. Ён падкрэсліў, што гэтае пытанне перадусім звязана з забеспячэннем бяспекі ўсёй НАТА.
«Але ёсць і больш высокая цана — гэта цана нацыянальнай і міжнароднай бяспекі, якая датычыць многіх вашых краін», — адзначыў Трамп.
Каментуючы пазіцыю Капенгагена, Дональд Трамп заявіў, што ўлады Даніі павінны паведамляць яму пра адмову абмяркоўваць Грэнландыю наўпрост, а не праз пасярэднікаў. «Мне не падабаецца даведвацца што-небудзь з пераказаў: калі ён (міністр замежных спраў Даніі Ларс Лёкэ Расмусэн) хоча мне нешта сказаць, няхай скажа гэта мне ў вочы», — сказаў ён, адказваючы на пытанне журналіста.
У той жа час амерыканскі прэзідэнт даў зразумець, што ў кантэксце Грэнландыі лічыць генеральнага сакратара НАТА Марка Рутэ больш значнай фігурай, чым кіраўніцтва Даніі. Ён таксама дадаў, што не ведае, калі могуць адбыцца яго кантакты з дацкімі ўладамі па гэтым пытанні.
Грэнландыя ўваходзіць у склад Дацкага каралеўства, аднак Трамп неаднаразова заяўляў, што востраў павінен стаць часткай ЗША. Улады Даніі і самой Грэнландыі папярэджвалі Вашынгтон ад падобных заяў, падкрэсліваючы неабходнасць павагі да іх тэрытарыяльнай цэласнасці.