У Беларусі абмежавалі хуткасць мабільнага інтэрнэту
- 22.01.2026, 8:48
Змены ўступяць у сілу праз месяц.
Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Беларусі ўстанавіла новыя патрабаванні да аказання паслуг мабільнымі аператарамі. Мова пра тарыфныя планы з безлімітным інтэрнэтам — для іх уводзіцца пачатковы аб'ём трафіку, пасля вычарпання якога зніжаецца хуткасць перадачы даных. Адпаведная пастанова апублікаваная 22 студзеня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, піша «Зеркало».
Згодна з дакументам, для абанентаў на безлімітных тарыфах усталёўваецца так званы пачатковы аб'ём інтэрнэт-трафіку — 30 Гб у месяц. Як вынікае з пастановы, пакуль гэты аб'ём не вычарпаны, хуткасць перадачы даных не абмяжоўваецца. Аднак пасля выкарыстання 30 Гб аператар павінен знізіць хуткасць мабільнага інтэрнэту да 1 Мбіт/с у накірунку да абанента.
Пры гэтым карыстальнікам захоўваецца магчымасць вярнуць высокую хуткасць: аператары павінны за плату прапаноўваць або дадатковыя пакеты трафіку, або часовыя перыяды карыстання інтэрнэтам без абмежавання хуткасці.
Аператарам таксама прадпісана прывесці ў адпаведнасць з новымі патрабаваннямі ўсе раней заключаныя дамовы і дзеючыя тарыфныя планы. Гэта азначае, што змены закрануць не толькі новых абанентаў, але і тых, хто ўжо карыстаецца безлімітным інтэрнэтам.
Асноўныя палажэнні пастановы — пра абмежаванне хуткасці пасля 30 Гб — уступяць у сілу праз месяц пасля афіцыйнага апублікавання дакумента.
У Міністэрстве сувязі растлумачылі, што мера накіраваная на змяншэнне перагрузкі сетак. Гэта звязана з тым, што «ў цяперашні час фіксуецца значнае спажыванне рэсурсаў сетак сотавай сувязі асобнымі абанентамі, што адмоўна адбіваецца на якасці паслуг сотавай сувязі ў цэлым для большасці звычайных абанентаў, якія адзначаюць нізкія хуткасці перадачы даных у сетках сотавай сувязі».
Паводле задумы, увядзенне пачатковага ліміту павінна збалансаваць нагрузку на сеткі і забяспечыць больш роўныя ўмовы доступу да інтэрнэту для ўсіх.