У Мінску дарожныя камеры нацэлілі на адну з катэгорый кіроўцаў
- 22.01.2026, 13:25
Стала вядома, каго цікавіць ДАІ ў бліжэйшыя два дні.
Сталічная ДАІ 22 студзеня запусціла двухдзённую прафілактычную акцыю, накіраваную на адну катэгорыю кіроўцаў. Сачыць за імі будуць як самі інспектары, што выйшлі ў рэйды на гарадскія вуліцы, так і з дапамогай камер рэспубліканскай сістэмы маніторынгу грамадскай бяспекі, піша «Тэлеграф».
На працягу двух дзён - з 22 па 23 студзеня - асноўная ўвага сталічных інспектараў будзе накіраваная на пасажырскія аўтобусы. Правяраць будуць і тэхнічны стан транспарту, які выйшаў на гарадскія і прыгарадныя маршруты, і выкананне Правілаў дарожнага руху (ПДР) яго кіроўцамі. Да адказнасці абяцалі прыцягваць як саміх кіроўцаў, што парушылі ПДР, так і службовых асоб, адказных за допуск кіроўцаў і іх транспартных сродкаў да ўдзелу ў дарожным руху.
Але і астатнім кіроўцам таксама не варта расслабляцца - кантраляваць будуць і тых, хто апынуўся побач, папярэдзіў намеснік начальніка УДАІ ГУУС Мінгарвыканкама Дзяніс Лівановіч. У прыватнасці, інспектары будуць сачыць за тым, каб астатнія кіроўцы давалі перавагу маршрутнаму транспарту там, дзе гэтага патрабуюць ПДР, а таксама не выязджалі на палосы, выдзеленыя спецыяльна для грамадскага транспарту (дарэчы, гэта парушэнне - у ліку тых, якія адсочваюць па камерах).
Акрамя таго, Лівановіч згадаў і пра патрабаванні, што прад’яўляюць да пасажыраў грамадскага транспарту. Ад іх запатрабавалі «неўхільнага выканання мер асабістай бяспекі», у прыватнасці, абавязкова трымацца ў транспарце за парэнчы, каб не зваліцца і не атрымаць траўму.
«Калі ж падчас руху вы атрымалі траўму, паведамаміце пра гэта кіроўцу. У далейшым ён перадасць інфармацыю ў ДАІ і пры неабходнасці выкліча хуткую дапамогу», - даў параду прадстаўнік ДАІ.