Лукашэнка заявіў, што асабіста патрабаваў накіроўваць беларускіх медыкаў лячыць расійскіх вайскоўцаў
- 22.01.2026, 13:54
Дыктатар хоча, каб беларусы «акунуліся ў рэальнасць вайны».
Аляксандр Лукашэнка асабіста патрабаваў, каб беларускія медыкі «акунуліся» ў рэальнасць вайны паміж Расіяй і Украінай. Пра гэта ён заявіў 22 студзеня на цырымоніі ўручэння дыпломаў доктара навук і атэстатаў прафесара, піша «Зеркало».
— Скажу шчыра: калі пачалася спецыяльная ваенная аперацыя (так улады і прапаганда Беларусі і РФ называюць вайну ва Украіне. — Заўв. рэд.), я быў прыхільнікам таго, каб нашых лекараў (і не толькі вайсковых) акунуць у тую рэальнасць, якая там адбываецца. А рэальнасць часам жудасная, — заявіў Лукашэнка.
Дыктатар паведаміў, што беларускія лекары па яго ўказанні аказвалі дапамогу параненым падчас абменаў ваеннапалоннымі паміж Расіяй і Украінай:
— Калі пачаліся гэтыя абмены, асабліва мы накіроўвалі на поўдзень краіны — у раённыя бальніцы і Гомельскую бальніцу. Я тады патрабаваў ад міністра аховы здароўя, каб нашы лекары больш бачылі, што адбываецца.