ЗСУ паразілі шэраг важных цэляў у РФ і акупаваным Крыме
- 22.01.2026, 14:54
Пад удар трапілі нафтатэрмінал, склад дронаў і сродкі СПА.
Сілы абароны Украіны паразілі шэраг важных аб’ектаў ворага. Сярод атакаваных цэляў — нафтатэрмінал, склад дронаў і сродкі СПА.
Аб гэтым паведамляе Генеральны штаб ЗСУ.
«У ноч на 22 студзеня падраздзяленні Сіл абароны Украіны наняслі ўдар па нафтатэрмінале «Таманьнефтегаз» (н.п. Волна, Краснадарскі край РФ), які задзейнічаны ў забеспячэнні расійскіх узброеных сіл», — заявілі ў Генштабе.
Паведамляецца, што ў выніку ўдару зафіксавана траплянне ў мэту — адбыліся выбухі і пажар. Памер нанесенай шкоды ўдакладняецца.
Акрамя таго, на часова акупаваным Крыме былі атакаваны варожыя аб’екты. У прыватнасці, зафіксавана траплянне ў радыёлакацыйную станцыю 59Н6-Е «Противник-ГЕ», радыёлакацыйную станцыю 55Ж6 «Небо-У» і радыёлакацыйную станцыю 55Ж6М «Небо-М».
Таксама былі паражаны шэраг аб’ектаў праціўніка на іншых часова акупаваных тэрыторыях, у тым ліку склад захоўвання БпЛА ў Новагрыгор’еўцы на часова акупаванай тэрыторыі Херсонскай вобласці, камандна-назіральны пункт роты 76-й дэсантна-штурмавой дывізіі і жывую сілу праціўніка са складу 74-й асобнай мотастралковай брыгады ў Селідаве на часова акупаванай тэрыторыі Данецкай вобласці.
Таксама ўдакладнены вынікі паражэння складу боепрыпасаў 101-й асобнай брыгады матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння ворага ў Дэбальцаве — пацверджана паражэнне складу з наступнай маштабнай дэтанацыяй.